З 23 па 26 сакавіка ў «Тэатры Беларускага радыё» – прэм'ера паводле дакументальнай кнігі Алеся Адамовіча, Янкі Брыля, Уладзіміра Калесніка «Я з вогненнай вёскі...»
Гэты ўнікальны твор увайшоў у гісторыю беларускай літаратуры як дакументальная трагедыя, кніга-памяць, дзе сабраны расказы-ўспаміны больш як 300 непасрэдных сведкаў хатынскіх трагедый. На працягу 1970-73 гадоў аўтары аб'ездзілі 35 раёнаў Беларусі, пабывалі ў 147 вёсках, спаленых фашыстамі разам з людзьмі. У выніку ў 1975 годзе была выдадзена кніга «Я з вогненнай вёскі...». Яна перакладалася на розныя мовы свету, паводле яе быў зняты дакументальны фільм рэжысёра Віктара Дашука. А мы прапануем вашай увазе аўдыяверсію – радыёфільм-рэквіем «Вогненная памяць».
Пра студыйны запіс, успаміны ваеннага часу і тое, як адбілася гэта трагедыя на беларускіх сем'ях, пра музыку кампазітара Уладзіміра Саўчыка і яе выключную ролю ў радыёфільме раскажуць удзельнікі «Творчага вечара»: рэжысёр-пастаноўшчык Алег Вінярскі, народныя артысткі Беларусі Зінаіда Зубкова і Тамара Міронава, заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Уладзімір Рагаўцоў, Тамара Нікалаева-Апіёк, Уладзімір Мішчанчук, Андрэй Душачкін, артысткі Наталля Якаўлева, Людміла Разумава.
«Творчы вечар» у эфіры – 23 сакавіка ў 21.05.
Радыёфільм-рэквіем «Вогненная памяць» у «Тэатры Беларускага радыё» 23-26 сакавіка ў 22.05.

