«Кузьма Чорны прыйшоў у беларускую літаратуру са сваёй уласнай тэмай, сутнасць якой не ў этнаграфіі, а ў творчай ідэі, уласцівай усім яго творам ад першага апавядання да апошняга рамана. Гістарычны лёс беларускага народа, яго цяжкае мінулае і яго будучыня, сцвярджэнне народа ў праве на сваю Бацькаўшчыну, на сваю нацыянальную годнасць – вось тэма, якая праходзіць праз усю творчасць пісьменніка. І вырашэнню гэтай тэмы заўсёды спрыяла тая акалічнасць, што ў Чорным, як у вялікім мастаку, шчасліва аб'ядналіся два таленты – эпічны і паэтычны. Боязь лірыкі ў прозе не замінала яму, аднак, быць паэтам. Але скарбы паэзіі ён здабываў сродкамі прозы». (Васіль Вітка, 1970 год)
Сёлетні чэрвень – юбілейны для класіка беларускай літаратуры пісьменніка Кузьмы Чорнага. На наступным тыдні, 24 чэрвеня, – 125-годдзе з дня яго нараджэння. Як мінімум дзве цудоўныя падзеі чакаюць нас з гэтай нагоды. Рэспубліканская навуковая канферэнцыя, якую ладзіць Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, а таксама «Выдавецкі дом «Беларуская навука» парадаваў кніжнай навінкай – выйшаў 3-ці том новага Збору твораў Кузьмы Чорнага ў дванаццаці тамах.
А ў «Тэатры Беларускага радыё» на працягу тыдня, з 23 па 29 чэрвеня, будуць гучаць спектаклі і пастаноўкі паводле твораў класіка.
«Талент эпіка і паэта. Да 125-годдзя з дня нараджэння Кузьмы Чорнага» – так вызначана тэма літаратурнага «Творчага вечара».
Госці студыі – загадчыца аддзела выданняў і тэксталогіі Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдат філалагічных навук Алена Васілевіч, навуковы супрацоўнік гэтага ж аддзела Кацярына Чарота, вядучы бібліятэкар Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі Ірына Смірнова.
«Творчы вечар» у эфіры – 19 чэрвеня ў 21.05.