Выданні Збору твораў класікаў нацыянальнай літаратуры – добрая традыцыя, якая ўсталявалася ў Беларусі яшчэ ў першай палове ХХ стагоддзя. За гэты час выдадзена шмат навукова каментаваных Збораў розных аўтараў. І ў новым, ХХІ стагоддзі, даследчыкі працягваюць радаваць нас дапоўненымі перавыданнямі класікі. Згадаем, напрыклад, 20-томнік Якуба Коласа, 9-томнік Янкі Купалы, 13-томнік Максіма Танка, 23-томнік Івана Шамякіна ды іншыя.
Летась распачалося выданне Збору твораў Кузьмы Чорнага ў 12 тамах. Нядаўна ў выдавецкім доме «Беларуская навука» выйшоў новы – Другі том твораў пісьменніка. Менавіта пра гэту важную літаратурную падзею і пойдзе сёння гутарка ў эфіры «Творчага вечара».
Госці студыі: загадчыца аддзела выданняў і тэксталогіі Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі, кандыдат філалагічных навук Алена Васілевіч, навуковы супрацоўнік гэтага ж аддзела Вольга Карачун, вядучы бібліятэкар Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі Ірына Смірнова.
«Творчы вечар» у эфіры – 17 верасня ў 21.05.