Падзяліцца:
АНОНС: «ЗОРНАЕ НЕБА ПАЭТА. ДА 130-ГОДДЗЯ МАКСІМА БАГДАНОВІЧА» – «ТВОРЧЫ ВЕЧАР» з ГАЛІНАЙ ШАБЛІНСКАЙ, 10.06.2021
10 Чэрвеня 2021
АНОНС: «ЗОРНАЕ НЕБА ПАЭТА. ДА 130-ГОДДЗЯ МАКСІМА БАГДАНОВІЧА» – «ТВОРЧЫ ВЕЧАР» з ГАЛІНАЙ ШАБЛІНСКАЙ, 10.06.2021

Першы нацыянальны канал Беларускага радыё сумесна з Літаратурным музеем Максіма Багдановіча працягвае юбілейны праект «Зорнае неба паэта. Да 130-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча». Кожны другі чацвер месяца мы збіраемся ў нашай студыі, каб згадаць перыпетыі жыцця і творчасці самага маладога класіка беларускай літаратуры.

Роўна 30 гадоў таму, акурат у чэрвені 1991 года, у Мінску быў адкрыты філіял Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, які атрымаў метафарычную назву «Беларуская хатка». Гэта адзіны мемарыяльны будынак у Мінску, што звязаны з жыццём Багдановіча на радзіме. Цяжка хворы, ён правёў тут апошнія пяць месяцаў перад сваім ад’ездам на лячэнне ў Ялту ў лютым 1917-га года. Напэўна, кожнаму з нас варта хаця б раз пабываць у «Беларускай хатцы», каб вярнуцца ў атмасферу сталіцы пачатку ХХ стагоддзя, адчуць жывую сувязь з Паэтам праз канкрэтныя знакі і сімвалы эпохі. Падумаць пра высокія нябёсы творчага лёсу і непазбежнасць зямной долі чалавека…

«Час і горад Паэта» – так вызначана тэма літаратурнага «Творчага вечара». Госці студыі – загадчык філіяла Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры «Беларуская хатка» Таццяна Лабада і загадчык навукова-асветніцкага аддзела Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Юлія Мацук. Фрагмент вядомага верша класіка «Страцім-лебедзь» прагучыць у выкананні народнай артысткі Беларусі Марыі Захарэвіч. Запіс з фондаў Беларускага радыё 2011-га года.

Пачатак эфіру – 10 чэрвеня ў 21.05.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: