Сёлетні год мы пражывём пад знакам 130-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Маладосць і геніяльнасць – якраз тыя дзве дамінанты, якія вызначаюць творчы лёс класіка беларускай літаратуры.
Англійскі перакладчык твораў Багдановіча Вера Рыч дакладна вызначыла, што “зорка Максіма Багдановіча, узыйшоўшы на літаратурным небасхіле, ярка асвятліла самае істотнае – праўду. А праўда заключаецца ў тым, што не толькі беларуская літаратура, як казаў сам Багдановіч, “нясе народам свой дар”, але і сам Максім Багдановіч, як лепшы прадстаўнік гэтай літаратуры, уваходзіць у пантэон вялікіх паэтаў свету, як роўны сярод роўных”.
Першы нацыянальны канал Беларускага радыё сумесна з Літаратурным музеем Максіма Багдановіча пачынаюць юбілейны праект “Зорнае неба паэта. Да 130-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча”. Яго прэзентацыя адбудзецца ў праграме “Творчы вечар”, у якой прымуць удзел загадчык Літаратурнага музея класіка Міхась Бараноўскі і вядучы навуковы супрацоўнік Ірына Мышкавец.
Пачатак эфіру – 11 лютага ў 21-05.