На планеце засталася ўсяго адна крама знакамітай сеткі відэапраката “Блокбастар” – у горадзе Бэнд, штат Арэгон. Амерыканскія СМІ, як звычайна, зрабілі з гэтага навіну сусветнага маштабу, а тая апошняя крама, зразумела, не зачыніцца, і стане адметнасцю горада накшталт сурка Філа ў Панксатоні. Аднак калі ў ЗША, Еўропе, Аўстраліі відэапракат як з’ява стаў прыходзіць у заняпад яшчэ ў пачатку 2000-х, то ў невялікіх гарадах, дзе Інтэрнэт не такі хуткі і танны, у той жа Расіі або Лацінскай Амерыцы – відэа на матэрыяльных носьбітах усё яшчэ запатрабавана. У нядаўнім фільме “Таксі” Джафара Панахі мы бачым, як дыскі з карцінамі Вудзі Алена прадаюць у Іране. Ды што далёка хадзіць – некалькі месяцаў таму я бачыў падобную краму ў Баранавічах.
Справа ў тым, што Blockbuster быў лідарам у сваёй галіне з сярэдзіны 80-х, такім сабе, калі праводзіць аналогіі, i-Store. Крамы сталі культавым месцам для многіх амерыканцаў. А ў стужцы “Капітан Марвэл”, што ідзе зараз у пракаце і настальгіруе па 90-х, гераіня Бры Ларсан прызямляецца менавіта ў “Блокбастары”.
Аднак у апошнія гады бізнес кампаніі нёс страты - з развіццём інтэрнэту папулярнасць такога роду паслуг стала імкліва падаць. З 2004 года Blockbuster пачаў прадастаўляць online-паслугі, але канкурэнтаў так і не дагнаў. Усяго кампанія завінавацілася 900 мільёнаў долараў сваім крэдыторам.
Сёння ўсё больш гледачоў аддаюць перавагу так званаму патокаваму прагляду. Найбуйнейшы сэрвіс, Netflix, дарэчы, калісьці таксама займаўся відэапракатам – але адчуў павевы часу і спачатку пачаў адпраўляць падпісчыкам касеты і дыскі па пошце, а неўзабаве цалкам перайшоў у Інтэрнэт. Калі першапачаткова асноўным кантэнтам былі серыялы, то цяпер відэа-гігант здымае і паспяховыя ў шырокай аўдыторыі фільмы (і гэтым наступае на пяткі кінатэатрам), і не шкадуе грошай на такія аўтарскія праекты, як “Рома” Альфонса Куарона. Упершыню ў гісторыі фільм, што прэтэндаваў на 10 Оскараў, а ўзяў тры, амаль не меў кінатэатральнага пракату.
Мінулы год увогуле, можна сказаць, стаў пераломным. Раней многія аддавалі даніну серыялам Netflix, але з пагардай ставіліся да паўнаметражных фільмаў, што здымала гэтая кампанія. У 2018-м, акрамя “Ромы”, стрымінг прадставіў такія праекты як “Анігіляцыя” Алекса Гарленда і “Нямы” Дункана Джонса – крытыкі калі і не назвалі карціны выбітнымі, то абмяркоўвалі даволі шырока. А восенню ўсіх кінаманаў чакаў сапраўдны падарунак – апошняя работа Орсана Уэлса “Іншы бок ветру”.
Так Netflix стаў альтэрнатывай яшчэ і сэрвісам, што прапануюць так званае “фестывальнае” кіно. Найбуйнейшы з іх, Mubi, працуе па прынцыпе кінатэатра: у фільматэцы для падпісчыкаў даступны 30 карцін, кожны дзень з'яўляецца адна новая і сыходзіць адна старая. Не так даўно тут ладзілі рэтраспектыву Кшыштафа Занусі і Жака Дэмі, а прама зараз паказваюць “залаты фонд” Аньес Варда і Ёнаса Мекаса.
Сюды часта трапляюць карціны з Лакарна, Ратэрдама і іншых фестываляў, цікавыя дакументальныя стужкі і кароткі метр. Так, спецыяльная праграма дэманстравалася падчас Берлінале – можна было ўбачыць стужкі папярэдніх гадоў, такія як “Дзень Перамогі” Сяргея Лазніцы і “Апошнія дні горада” Тамера эль Саіда. Увогуле фільмы тут нярэдка аб'ядноўваюць у тэматычныя праграмы (“З Францыі з любоўю”, “Амерыканскае індзі”), іх можна не толькі паглядзець, але і прачытаць крытыку. Канешне, трапляецца і, мякка кажучы, дзіўныя фільмы – але гэта як на любым фестывалі, а змарнаваны час кампенсуецца сапраўднымі шэдэўрамі, якія вы ніколі б не знайшлі самі. Найбольш зручна Mubi глядзець праз SmartTV, ёсць дадаткі і для мабільных – фільмы можна спампоўваць і глядзець афлайн, практычна ўсе яны забяспечаныя субтытрамі, часта на некалькіх мовах.
Адзін фільм, але бясплатна і ў добрай якасці – мадэль сэрвісу Le CiNéMa Club. Зараз ён, праўда, “на паўзе”, але хутка абяцае вярнуцца. У архіве, напрыклад, – ранняя кароткаметражка Куарона, “Шасцізараднік” Макдона і “Воск” Буджальскі.
Платформа Festival Scope існуе вакол фестываляў - і нярэдка прапануе глядзець кіно адначасова з сусветнымі прэм'ерамі. Так, «Чалавека, які здзівіў усіх» можна было ўбачыць ужо на наступны дзень пасля першага паказу ў Венецыі. Часта Festival Scope прапануе глядзець фільмы бясплатна - зараз там ёсць дакументальная падборка з фестываляў у Картахене і Салоніках.
Маладая платформа Nonfiction паўстала на базе маскоўскага Цэнтра дакументальнага кіно, аднак неігравымі фільмамі не абмяжоўваецца: тут выкладваюць працы Звягінцава, Сакурава, Балабанава і Сярэбранікава. У каталогу хапае і класікі. Ёсць варыянт “арэнды” фільма, які прадугледжвае накіраванне сродкаў яго стваральнікам.
Яшчэ адна бясплатная платформа, на якой можна падзякаваць стваральнікаў фільма, “Пілігрым”, становіцца месцам цікавых прэм'ер - напрыклад, кароткаметражных фільмаў вучняў Аляксандра Сакурава. Тут бываюць падборкі з удзельнікамі і пераможцамі расійскіх фестываляў. Ёсць і беларусы – у прыватнасці, кароткаметражкі Дар’і Жук і Мітрыя Сямёнава-Алейнікава.