Падзяліцца:
«Бабуліна навука – на ўсё жыццё. Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)
16 Жніўня 2019
«Бабуліна навука – на ўсё жыццё. Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё) Я з асцярогай стаўлюся да навамодных свят і назваў дзён календара, накшталт дзень боса, дзень саломінкі для кактэйлю, дзень нараджэння гумавых галёш ці дзень ручніка. А вось дзень малінавага варэння мне прыйшоўся даспадобы. Ад гэтай назвы павеяла дзяцінствам, цеплынёй бабуліных рук, духмянасцю летняга саду і прыгадалася адна гісторыя. Менавіта з малінамі звязана маё першае і адзінае ў жыцці пакаранне стаяннем у куце. У той далёкі летні дзень мы з сяброўкай-суседкай нечакана ўбачылі на верандзе вялікую міску са свежымі малінамі, рукі самі пацягнуліся перамяць гэтую яркую прыгажосць. Радасных і перапэцканых малых шкодніц хутка заўважыла мая бабуля Марыя. Сяброўка была адпраўлена дадому, а я – у кут. Праўда, доўга там не прастаяла, нават не паспела паплакаць як след, а бабуля тым часам дастала чыстую пасудзіну, накінула на мой сарафан кашулю з доўгімі рукавамі (каб не пакалолася) і адправіла ў маліннік, які разросся ў канцы нашага саду. А потым вучыла мяне варыць варэнне па сямейным рэцэпце… І вось менавіна сёння – Дзень малінавага варэння. Ен быў прыдуманы cупольнасцю сэрвісу Daily-menu.ru ў 2015 годзе. І выбар даты, 16 жніўня, невыпадковы. Здавён гэты дзень у славян называўся Маліннікам і быў прысвечаны ягадзе, якую любілі і цанілі ўсе. За смак і карысныя якасці. Лясную маліну, а потым і садовую, выкарыстоўвалі не толькі як прадукт харчавання, але і як гаючы сродак супраць прастуды, кашлю, для павышэння імунітэту. І сёння гэтая ягада, і барвовага, і жоўтага колеру, шырока выкарыстоўваеца ў кулінарыі: пірагах, марожаным, кісялі. Яе нарыхтоўваюць рознымі сродкамі: сушаць, замарожваюць, вараць кампоты і варэнне. Тое ж варэнне, сухія галінкі ды лісце і да гэтага часу выкарыстоўваюць як гарачкапаніжальны сродак. Дарэчы, адзін з маіх калег, як толькі пачуе, што хтосьці кашляе, гаворыць хрыплым голасам, адразу адорвае малінавымі галінкамі ці напоіць гарачым малінавым чаем. А яшчэ маліна часта згадваецца ў песнях, вось як у Валяціны Легкаступавай: «Ягода малина нас к себе манила, ягода малина летом в гости звала». Мядзведзя ў казках мы абавязкова сустрэнем у малінніку, а пра нешта вельмі прыемнае, добрае нездарма гаворыцца «Не жыццё, а маліна!» Зараз у кулінарных кнігах, інтэрнэце можна знайсці нямала рэцэптаў прыгатавання малінавага варэння. Але сёння я прапаную способ маёй бабулі Марыі. Ён просты, але робіцца ў тры прыёмы. Спачатку гаруем сіроп з разліку кілаграм цукру плюс 300 мл вады (у бабулі была мерная шклянка). У крыху астуджаны сіроп асцярожна кладзём кілаграм ягад і даводзім да кіпення. Адстаўляем да поўнага астывання, потым варым на малым агні 15 хвілін, здымаючы драўлянай лыжкай бела-ружовую плеўку (ой, якая ж яна смачная!). Затым паўтараем гэту працэдуру яшчэ раз: астуджаем і варым 15 хвілін. Дарэчы, ягады з кустоў бабуля здымала адразу спелыя, якасныя, ніколі іх не мыла, варыва лыжкай не перамешвала, а крыху трэсла рукамі медны таз, у якім кіпелі маліны. Гэты таз і зараз у маім ужытку. Далей гатовае варэнне раскладваем у шкляныя слоікі, закрываючы іх абавякова пергаментнай паперай. Менавіта так рабіла бабуля, зверху хімічным алоўкам яна падпісвала дату прыгатавання і завязвала яркай стужкай. Паверце, такія слоікі з малінамі (дый і з іншымі ягадамі) маглі стаяць да новага ўрадждаю і болей, ніколечкі не сапсаваўшыся. А смаката, духмянасць была асаблівая! І што галоўнае – маленькія костачкі, якія ёсць у кожнай ягадцы, абсалютна не адчувальныя, а самі малінкі цэленькія, як з куста. Паспрабуйце такі спосаб, не пашкадуеце! Яшчэ ёсць час, ёсць магчымасць паласавацца дарункамі лета і нарыхтаваць іх на зіму. Вось зусім нядаўна сапраўднае свята варэння прайшло ў Белавежскай пушчы. У сядзібе Дзеда Мароза гасцей частавалі блінцамі з ягаднай начынкай і чаем, завараным на лясных травах. І канечне – варэннем: з малін, чарніц і суніц, ажын і журавін. А гаспадар казачнай сядзібы дзяліўся рэцэптамі ягадных дэсертаў. Мне даспадобы такія новыя кулінарныя святы. “Вішнёвы фэст” у Глыбокім, “Дзень агурка” у Шклове ці “Мотальскія прысмакі”. Дый дні нацыянальных культур, якія праходзяць у Верхнім горадзе сталіцы, даюць магчымасць не толькі паласавацца смачнасцямі і пазнаёміцца з кухняй розных народаў, але і самім паўдзельнічаць у магіі прыгатавання страў. Адным словам, “не жыццё, а маліна”! Я так думаю, а вы?
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: