Падзяліцца:
«Байкшэрынг: за і супраць. Кропкі над “і”». Радыёблог Аляксандра Шустэра (аўдыё)
29 ліпеня 2019
«Байкшэрынг: за і супраць. Кропкі над “і”». Радыёблог Аляксандра Шустэра (аўдыё) Напэўна, многія звярнулі ўвагу на жоўтыя веласіпеды, што з’явіліся ў ліпені на вуліцах Мінска; без гучнай рэкламнай кампаніі ў сталіцы з’явілася новая паслуга – велашэрынг. Працуе ўсё па аналогіі з каршэрынгам – спампоўваеш мабільны дадатак, знаходзіш бліжэйшы ровар, браніруеш, плаціш і карыстаешся. Стартап пад назвай “Колобайк” я тэсцірую ўжо два тыдні, за гэты час назбіраліся як плюсы, так і мінусы. Вось пра іх і захацелася расказаць. Сама паслуга была прапанавана яшчэ ў 60-я гады ў Амстэрдаме. Каб людзі не стаялі ў пробках, скарыстацца веласіпедам на працягу некалькіх гадзін меркавалася нават бясплатна. Цікава, што ў горадзе, што лічыцца “сталіцай” веларуху, шэрынг так і не знайшоў ужывання. Затое ідэю масава пачалі ўкараняць у іншых гарадах Еўропы і ў ЗША. Некалькі гадоў яна працуе ў Польшчы і Расіі. Але амаль паўсюль мяркуе выкарыстанне так званых станцый – канкрэтных месцаў, дзе ровар можна ўзяць і пакінуць. Галоўная перавага мінскага шэрынгу – яго бесстанцыйнасць. Такая асаблівасць характэрная для кітайскіх гарадоў, адкуль “Колобайк” “пазычыў” і праграмнае забеспячэнне, і самі веласіпеды. Пакінуць велік можна ў любым месцы, хоць ля свайго пад’езда, галоўнае – каб ён нікому не перашкаджаў. Узяць – кругласутачна: можна, напрыклад, пад’ехаць дадому, калі ўжо не працуе метро. Ёсць, аднак, і зваротны бок – як хуткасны транспарт яго цяжка пазіцыяніраваць хаця б таму, што ў патрэбны момант каля вас можа не знайсціся свабоднага веласіпеда. А значыць – рушым кіламетр-другі пешшу, або пад’язджаем на аўтобусе, пасля чаго ўжо перасесці на байк можа расхацецца, альбо і яго ад вас “увядуць”. Так, мінус браніравання – гэта тое, што яно дзейнічае 10 хвілін. Магчыма, для меншага па памерах горада гэта яшчэ было б як раз, або каб саміх велікаў было больш. А так часу можа і не хапіць, асабліва дзе-небудзь у Кунцаўшчыне або на Аўтазаводзе. Для цэнтра, як правіла, такой праблемы няма. Але ўсё гэта не так прынцыпова, як якасць саміх веласіпедаў. Памятаеце старыя “Аісты”?.. Вось такія прыкладна і “калабайкі”. Цяжкія настолькі, што ў гару ехаць амаль немагчыма, а з усяго трох рэжымаў хуткасці добра калі працуюць два. “Каробка перадач” (назавём яе так) увогуле латарэя. Калі ў ровара няма сядла або выкручаны руль, гэта бачыш адразу, адмяняеш бронь і шукаеш іншы. Тут жа пакуль не паспрабуеш – не адчуеш. А паспрабаваць можа толькі пасля аплаты першых 30 хвілін. Мне, напрыклад, ехаць з працы дадому каля гадзіны, і некалькі разоў даводзілася мяняць гэтых коней на пераправе. І другі не заўсёды быў лепшы – тая ж пракрутка педалі, тое ж непрыемнае храбусценне на 3-й хуткасці. Трапляліся, аднак, і такія, што не хацелася злазіць, і паездка не завяршалася каля дома, а пралягала да бліжэйшага парку або вадаёму. За два тыдні я добра вывучыў рэльеф Мінска і зразумеў Васіля Кірыенку, які пасля фінішу гонкі на Другіх Еўрапейскіх гульнях заўважыў: едзеш на машыне, ціснеш на педаль і не адчуваеш таго, што наш горад зусім не раўнінны. Так, у Мінску няма такіх высокіх берагоў, пад’ёмаў і спускаў як у Магілёве або Віцебску, але і “плоскасць” сталіцы – міф. Вось вы ведалі, напрыклад, што Каменная Горка – яна не столькі каменная, колькі горка. Дамчаць з якой-небудзь Дамброўкі ці Кунцаўшчыны да Нямігі можна хвілін за 30, і тое калі вам не пашчасціць са святлафорамі. А ўвесь цэнтр паабапал Верхняга горада сапраўды ў такой нізіне, што зваротны шлях займае ў паўтара раза больш часу. Падземныя пераходы, высокія масты і адсутнасць “пандусаў” – увогуле не праблема; вопытным шляхам вы за два-тры дні адшукаеце аптымальны маршрут. Паштальён Печкін сцвярджаў, што наяўнасць веласіпеда ўплывае на характар. (“Я почему раньше злой был?.. Потому что у меня велосипеда не было!”). Не ведаю, ці сапраўды “пакатушкі” мяняюць людзей настолькі, але тое, што спорт як мінімум узнімае настрой – факт навуковы. Прабежка або заняткі фітнэсам спрыяюць вылучэнню так званых “гармонаў радасці”. Іх прысутнасць адчуваеш і пасля гадзіны паездкі на ровары. І гэта толькі “пабочны эфект”. Даказана, што плаванне і веласіпед – самыя бяспечныя і карысныя віды фізічнай актыўнасці. Менавіта з іх пачынаюць набор формы спартсмены – гэта зусім не той стрэс, які арганізм перажывае падчас бегу або пры жыме штангі. Здаецца, я адышоў ад тэмы ўласна велашэрынгу, але не. Асабіста мне заўсёды хацелася мець веласіпед, але па многіх прычынах (догляд, абмежаванасць сезону, кошт) я кожную восень адкладаў пакупку да новай вясны. Потым узнікалі іншыя справы і праблемы – напрыклад, адсутнасць месца. Балкон заняты, а ў калідоры будзе перашкаджаць суседзям. Карацей, дагэтуль так і не зраслося. А пракат – тая рэч, якой скарыстаешся раз за лета, каб скласці кампанію сябру. За апошнія ж два тыдні на “калабайке” я наездзіў кіламетраў сто. Цяжка пакуль сказаць, як будзе адчуваць сябе стартап у фінансавым плане. Па словах стваральнікаў, выйсці ў нуль яны плануюць за два гады. Але ініцыятывай ужо зацікавіліся патэнцыяльныя канкурэнты з “Мотавела”. На заводзе заявілі аб планах запусціць уласны байкшэрынг, прычым не толькі ў Мінску. Ды яшчэ і зрабіць кошт паездкі як у гарадскім транспарце. Праўда, спачатку веласіпеды ўсё ж будуць мець пэўную “прапіску”. Аднак і бесстанцыйны варыянт у перспектыве разглядаюць.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: