
Купляць валюту на біржы – такую магчымасць ужо сёлета атрымаюць беларусы. Праўда, пакуль яны не змогуць стаць удзельнікамі таргоў самастойна. Ім прыйдзецца звярнуцца ў банк. Але ўсё будзе дастаткова проста: трэба толькі аформіць заяўку ў мабільным дадатку – пазначыць суму і курс, па якім вы хочаце купіць валюту. І адправіць ў банк. Што дае такая магчымасць простым беларусам – каментуе эканаміст Валерый Палхоўскі:
«У прынцыпе, пакуль што звычайны грамадзянін вялікай розніцы ад прынятага рашэння не адчуе. Раней як было: калі вам трэба было купіць валюту, вы звярталіся ў банк. У банку прымалі вашу заяўку, потым самастойна выходзілі на біржу, куплялі валюту і пасля перадавалі гэтую валюту вам па тым курсе, па якім набылі або які склаўся.
Зараз жа працэдура крыху зменіцца. Вы адпраўляеце ў банк заяўку, а банк па-сутнасці рэтрансліруе гэтую заяўку на біржу. Так што, па вялікім рахунку, ён усё роўна выходзіць на біржу ад свайго імя, але ўжо рэтрансліруе вашу заяўку. Цалкам магчыма, што ў будучым вы зможаце там указваць нейкія ўмовы (курсы, аб'ёмы), якія вы хацелі б дэталізаваць для куплі замежнай валюты, раней з гэтым было не зусім зразумела.
Такім чынам, пэўныя нюансы могуць узнікаць, але па вялікім рахунку пакуль я не бачу нейкай істотнай розніцы (з тым, што ёсць), таму што гаворка пакуль не ідзе пра тое, што фізічныя асобы напрамую будуць выходзіць на біржу. Але гэта крок у бок лібералізацыі абароту і гандлю валютай. Плануецца, што да 2018 года фізічныя асобы ўжо змогуць непасрэдна выходзіць на біржу і праводзіць там аперацыі. Але для гэтага, вядома, трэба будзе яшчэ падрыхтаваць праграмнае забеспячэнне, а Нацыянальнаму банку - прывесці ў адпаведнасць некаторыя нарматыўныя акты.