15 лістапада Беларускае радыё адзначыць 90-гадовы юбілей. Цяпер ужо такія звыклыя словы "Гаворыць Мінск" упершыню прагучалі ў 1925 годзе. Сёння Беларускае радыё - найбуйнейшы і найважнейшы медыярэсурс краіны, які ўключае 5 каналаў, абсталяваных паводле апошняга слова тэхнікі, якія слухаюць ва ўсім свеце.
Быць заўсёды цікавым для сваіх слухачоў, разам абмяркоўваць актуальныя і надзённыя пытанні - усё гэта адлюстроўваецца ў дэвізе Беларускага радыё "Будзем разам!", першая перадача якога выйшла ў эфір на радыёстанцыі РВ-10 імя Саўнаркама БССР у далёкім 1925… Зараз радыё - гэта 5 дзяржаўных каналаў: Першы нацыянальны канал Беларускага радыё, радыё "Беларусь", канал "Культура", радыё "Сталіца" і радыёстанцыя "Радыус FM".
Першы нацыянальны канал Беларускага радыё
"Візітная картка" Беларускага радыё - Першы нацыянальны канал - найбуйнейшы радыёканал Беларусі, у аснове вяшчальных прыярытэтаў якога - аператыўнасць, масавасць і даступнасць. На канале выходзіць больш як 60 праграм рознай жанравай і тэматычнай скіраванасці, пастаянна праводзяцца прамыя радыётрансляцыі найважнейшых падзей у жыцці краіны.
Найбольш папулярныя праекты: "Радыёфакт", "Пастфактум", "Актуальныя мікрафон", "Такі дзень", "Раніца з Беларускім радыё", "Сямейнае радыё", "Вітаем, віншуем, жадаем!" і іншыя.
Канал мае самую шырокую ў краіне трансляцыйную сетку. FM/УКХ/ДХ/КХ-перадатчыкі забяспечваюць ахоп 100% тэрыторыі рэспублікі і прыгранічных раёнаў Расіі, Украіны, краін Еўрасаюза.
Практыкуецца рэгулярнае правядзенне міждзяржаўных радыёмастоў, пастаянна развіваецца супрацоўніцтва з радыёкампаніямі дзяржаў СНД, краін - членаў Еўрапейскага і Азіяцкага вяшчальных саюзаў.
Эфірнае FM-вяшчанне і вяшчанне ў лічбавым стандарце DVB-T MPEG4, а таксама online ў Інтэрнэце вядзецца кругласутачна.
Першы нацыянальны канал - шматразовы пераможца Нацыянальнага конкурсу "Брэнд года" ў спажывецкай і прафесійнай намінацыях, уладальнік залатога медаля "Брэнд "Спадчына".
Міжнароднае радыё "Беларусь" мае агульны аб'ём эфірнага і інтэрнэт-вяшчання 26 гадзін за суткі на рускай, беларускай, польскай, нямецкай, англійскай, французскай, іспанскай і кітайскай мовах.
Праграмы радыё "Беларусь", тэкставыя версіі інфармацыйных і грамадска-палітычных праграм на англійскай мове, а таксама навінавыя матэрыялы даступныя на сайце www.radiobelarus.tvr.by.
У аснове вяшчальнай палітыкі радыё "Беларусь" ляжыць фарміраванне пазітыўнага іміджу Рэспублікі Беларусь, аператыўнае і аб'ектыўнае інфармаванне замежнай аўдыторыі аб унутранай і знешняй палітыцы дзяржавы, гісторыі, культуры, эканамічным, навукова-тэхнічным і гуманітарным патэнцыяле Рэспублікі Беларусь.
Канал "Культура" Беларускага радыё арыентаваны на слухачоў, якія цікавяцца нацыянальнымі і сусветнымі культурнымі дасягненнямі і сучаснымі тэндэнцыямі ў свеце мастацтва. Канал пачаў вяшчанне 1 студзеня 2002 года і адразу вылучыўся са шматгалосся эфірнай радыёпрасторы. Так, толькі на яго хвалі можна паслухаць оперу, канцэрт акадэмічнай музыкі, чытанне сучаснай сусветнай літаратуры або інтэрактыўную культуралагічную дыскусію.
Знайшлі свайго пастаяннага слухача і штодзённыя праекты для дзяцей - "Мэры Попінс" і для меламанаў - "Канцэртная зала", які ў рамках супрацоўніцтва з Еўрапейскім Вяшчальным Саюзам транслюе канцэрты з усяго свету.
Радыё "Сталіца" - адзіная ў краіне цалкам беларускамоўная радыёстанцыя FM-фармату. У эфіры гучаць інфармацыйныя, пазнавальныя і музычна-забаўныя праграмы. У іх мы абмяркоўваем актуальныя надзённыя пытанні. Асаблівае месца займаюць праграмы, прысвечаныя гісторыі і культуры Беларусі, з дапамогай якіх можна віртуальна падарожнічаць па цікавых месцах нашай краіны, даведацца аб унікальных прыродных рэсурсах і помніках архітэктуры, а таксама зрабіць своеасаблівы экскурс у гісторыю і дакрануцца да багатай культурнай спадчыны Беларусі.
Радыёстанцыя "Радыус FM" максімальна ахоплівае тэрыторыю ўсёй Беларусі ў УКХ і FM-дыяпазоне, а таксама вядзецца анлайн-вяшчанне. Радыёстанцыя прадстаўлена ў сетцы Інтэрнэт уласным сайтам www.radiusfm.by, а таксама ў сацыяльных сетках. Характэрна, што шмат цікавых праграм і музычных кампазіцый можна запампоўваць прама з сайта радыёстанцыі.
Фармат вяшчання - інфармацыйна-музычны, аб'ём складае 24 гадзіны за суткі. Музычны фармат - Hot AC - прадстаўлены прагрэсіўнымі AC-кампазіцыямі і кансерватыўнымі CHR-мелодыямі. У аснове інфармацыйна-аналітычнага вяшчання - "Навіны", інфармацыйныя праграмы і ток-шоу.
З 2005 года ўсе каналы і радыёстанцыі Беларускага радыё транслююцца ў рэжыме рэальнага часу ў сетцы Інтэрнэт.
Беларускае радыё прайшло вялікі шлях, асвятляючы ўсе важныя вехі гісторыі нашай краіны. За дзевяць дзесяцігоддзяў высокапрафесійным калектывам зроблена вялізная праца, назапашаны неацэнны творчы вопыт.
Сёння прыемна адзначыць, што Беларускае радыё з'яўляецца прыкладам прафесійнай радыёжурналістыкі і верным сябрам для шматлікіх пакаленняў удзячных слухачоў у нашай краіне і за мяжой.