
Цёплае і дажджлівае надвор'е чакаецца ў Беларусі на гэтым тыдні – такі прагноз нам агучыла начальнік аддзела апрацоўкі метэаралагічных даных гідраметцэнтра Мінпрыроды Таццяна Чатырко.
Апошні працоўны тыдзень ліпеня абяцае быць цёплым, з характэрным для гэтых ліпеньскіх дзён тэмпературным фонам. Але атмасферныя франты, якія перамяшчаюцца з паўднёвага захаду Еўропы, прынясуць не толькі цёплае паветра, але і абумовяць дажджы, якія часта будуць суправаджацца навальніцамі і парывістым ветрам.
У аўторак, 25 ліпеня, уначы ў асобных раёнах і днём на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Удзень па паўднёвай палове чакаюцца навальніцы, у асобных раёнах моцныя ліўні, навальніцы, якія месцамі будуць суправаджацца моцным парывістым ветрам, таксама магчымы град. Уначы і раніцай месцамі туман. Тэмпература паветра ўначы 12-18 градусаў цяпла, удзень 22-28, па паўднёвым усходзе краіны паветра прагрэецца да 30 градусаў.
У сераду, 26 ліпеня, захаваецца няўстойлівае надвор'е, на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. У асобных раёнах чакаюцца навальніцы, моцныя дажджы, удзень магчымы град. Уначы будзе ад 15 да 20 градусаў цяпла, удзень – ад 21 па захадзе да 31 градуса па ўсходзе краіны.
У чацвер, 27 ліпеня, з ростам атмасфернага ціску надвор'е ненадоўга палепшыцца, але ў асобных раёнах не абыдзецца без кароткачасовых навальнічных дажджоў. Тэмпература паветра ўначы 12-19 градусаў, удзень 22-28, па паўднёвым усходзе Гомельскай вобласці – да 30 градусаў са знакам плюс.
У пятніцу, 28 ліпеня, чарговая сістэма франтальных раздзелаў абумовіць уначы пераважна па паўднёвай палавіне, удзень на большай частцы тэрыторыі краіны кароткачасовыя дажджы. Удзень у асобных раёнах чакаюцца навальніцы, моцныя дажджы, магчымы град. Уначы 13-20 градусаў вышэй за нуль, удзень – 20-27, па ўсходзе ў асобных раёнах – да плюс 30 градусаў.
У выхадныя захаваецца цёплае няўстойлівае надвор'е. Але за атмасфернымі франтамі пачне паступаць паветраная маса з Балтыйскага мора і тэмпература паветра трохі панізіцца.
У суботу на большай частцы тэрыторыі краіны кароткачасовыя дажджы, у асобных раёнах навальніцы, моцныя дажджы. Удзень магчымы град, у асобных раёнах будзе ўзмацняцца вецер парывамі да 15-20 м/с. Тэмпература паветра ўначы +13 +20, а ўдзень +18 +25, у асобных раёнах дзённыя максімумы будуць павышацца да +27.
У нядзелю на большай частцы тэрыторыі краіны кароткачасовыя дажджы. У асобных раёнах навальніцы і вецер парывамі да 15-20 м/с. Тэмпература паветра ўначы +11 +18, а ўдзень +18 +25, у асобных раёнах паветра прагрэецца да +27.
На працягу тыдня магчыма карэкціроўка прагнозу.
Праграма «Пра надвор’е і не толькі» выходзіць па буднях у 5-30, 6-15, 9-06, 13-06.