Падзяліцца:
Чаму закрылі школу ў Калінкавіцкім раёне? (аўдыё)
11 Кастрычніка 2017
Чаму закрылі школу ў Калінкавіцкім раёне? (аўдыё) Капліцкая сярэдняя школа закрыта з-за аварыйнага стану – вінаваты жук-караед. Аднак, некаторыя бацькі не пакідаюць надзеі, што адукацыйны працэс у школе адновіцца. Усе абставіны справы на месцы высвятляла наш карэспандэнт Алеся Пярова. Наталля Каваленка - настаўніца з больш як 20-цігадовым стажам. Практычна ўвесь гэты час працавала ў Капліцкай сярэдняй школе, зараз выкладае ў суседняй Шыіцкай. Пераход аказаўся вымушаным: летась школу ў яе вёсцы закрылі па прычыне аварыйнага стану. Па заключэнні спецыялістаў, якія абследавалі будынак, драўляныя перакрыцці, устаноўленыя яшчэ ў 1950-х гадах, на 80% пашкодзіў жук-караед. Наталля Каваленка гаворыць: для калектыву школы гэта аказалася поўнай нечаканасцю: «Столькі гадоў прапрацавала ў школе і яе закрылі… Як можна гэта ўспрыняць? Канечне, са слязамі. Вельмі перажывалі, гэта ж родная школа». Па заключэнні спецыялістаў, каб зноў пачаць заняткі, неабходна правесці капітальны рамонт будынка з элементамі мадэрнізацыі адпаведна з сучаснымі нормамі. На справе гэта значыць, што неабходна перарабіць столь, узмацніць падмурак, пабудаваць сталовую і спартыўную залу. Па ранейшых нарматывах такія будынкі не былі абавязковымі на тэрыторыі школы. Прыкладны кошт праекта - каля 8 мільёнаў рублёў. Для параўнання, на такія сродкі можна праводзіць рамонт усіх устаноў адукацыі Калінкавіцкага раёна на працягу прыкладна 20-ці гадоў. Канчатковае рашэнне яшчэ не прынята. Пакуль у аварыйнай школе адключылі ацяпленне і размеркавалі па іншых установах частку маёмасці, расказвае былы дырэктар Капліцкай сярэдняй школы Таццяна Білас: «Ваду злілі з батарэй, ацяпленне адключылі. Дзесьці штосьці на Шыічы аддалі, нашы ж дзеці ў Шыіцкую школу пайшлі. Камп'ютары тыя ж - яны ж не захаваюцца ў сырасці. Мэблю – сталы, парты, крэслы. Чаго ім не хапала, тое аддалі». Што тычыцца дзяцей, то па жаданні бацькоў іх размеркавалі па школах трох бліжэйшых вёсак. Кожны дзень іх падвозяць на аўтобусах. Туды ж перавялі і настаўнікаў. Плюсы такога пераводу - сацыяльная адаптацыя дзяцей, якія цяпер кантактуюць з большай колькасцю сваіх аднагодкаў, а таксама магчымасць займацца ў гуртках па інтарэсах, чаго раней не было, - заўважае старшыня Капліцкага сельскага Савета дэпутатаў Генадзь Кавальчук: «Дзеці павінны былі ў час перайсці ў іншую школу, потым трэба было праводзіць экспертызу і ўжо далей прымаць рашэнне – што рабіць з гэтай школай? Працэс ідзе, але працэс гэты не хуткі». Зараз прапрацоўваюцца варыянты адкрыцця ў Каплічах пачатковай школы. Гэтым займаецца Міністэрства адукацыі. Пра рэканструкцыю сярэдняй школы размова пакуль не ідзе. Па-першае, неабходных сродкаў зараз няма. Па-другое, дэмаграфічная сітуацыя: сёлета на тэрыторыі ўсяго Капліцкага сельсавета нарадзілася ўсяго трое дзяцей. Апрача таго, сем’і 26-ці капліцкіх школьнікаў пабудавалі жыллё ў Калінкавічах з перспектывай пераезду ў райцэнтр. Каб падлеткі знайшлі сабе занятак у сваёй вёсцы пасля завяршэння ўрокаў, пры мясцовым дзіцячым садку адкрылі пакой школьніка. Акрамя таго, кожны дзень працуе спартыўная зала. Кожны месяц у Каплічах праходзяць бацькоўскія сходы. У рэшце сітуацыю неабходна ацэньваць рэальна. За апошнія 20 гадоў у Беларусі двойчы абвальваліся школьныя дахі, што прывяло да гібелі дзяцей. Дапусціць яшчэ адзін такі факт было б злачынствам.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: