
Сёння – важная дата для беларускай арміі. Роўна 25 гадоў таму – 20 сакавіка 1992 года - пачалося фарміраванне Узброеных Сіл суверэннай Беларусі. Яны сталі правапераемнікамі Беларускай ваеннай акругі. За чвэрць стагоддзя ў беларускай арміі адбыліся змены, якія паўплывалі на прэстыж ваеннай службы ў грамадстве і на імідж нашай краіны на міжнароднай арэне. Сучаснае ўзбраенне і тэхніка, высокі узровень нацыянальнай сістэмы падрыхтоўкі ваенных кадраў, удзел у розных па маштабах вучэннях, як на тэрыторыі нашай краіны, так і за мяжой. Сучасная беларуская армія – у спецыяльным рэпартажы «Радыёфакта».
У пачатку 90-х гадоў быў няпросты этап стварэння Узброеных Сіл суверэннай краіны. Скарацілася колькасць злучэнняў і часцей, тэхнікі, адбыліся змены у арганізацыйна-штатнай структуры. Наша краіна адмовілася ад ядзернай зброі. Створаная ў тыя гады нарматыўна-прававая база стала асновай для развіцця беларускай арміі. Беларусь падпісала шэраг міжнародных дагавораў і пагадненняў у галіне кантролю над узбраеннямі. Абвастрэнне ваенна-палітычнай сітуацыі ў свеце стварыла ўмовы для далейшых якасных змен сістэмы гарантавання нацыянальнай бяспекі краіны. Кіраўнік ваеннага ведамства Беларусі генерал-лейтэнант
Андрэй Раўкоў падкрэслівае: сёння Узброеныя Сілы краіны здольныя супрацьстаяць пагрозам 21 стагоддзя, забяспечыць мір і стабільнасць на беларускай зямлі.
У лістападзе 2001 года Ваенна-Паветраныя сілы і Войскі супрацьпаветранай абароны сталі аб'яднаным відам. Сёння авіяцыя разам з зенітнымі ракетнымі і радыётэхнічнымі войскамі нясуць сумеснае баявое дзяжурства па супрацьпаветранай абароне дзяржавы, гарантуюць суверэнітэт краіны ва Усходне-Еўрапейскім рэгіёне. 21 год таму ў Беларусі створана нацыянальная школа падрыхтоўкі авіяцыйных спецыялістаў, якая сёння актыўна развіваецца. Зараз альма-матэр рыхтуе афіцэраў-авіятараў не толькі для Узброеных Сіл, але і для Дзяржаўнага пагранічнага камітэта і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, адзначае намеснік начальніка авіяцыйнага факультэта Ваеннай Акадэміі па лётнай падрыхтоўкі палкоўнік
Юрый Золатаў.
Летась для Узброеных Сіл закуплены звыш 250 новых узораў узбраення і ваеннай тэхнікі - вучэбна-баявыя самалёты Як-130, транспартна-баявыя верталёты Мі-8МТВ-5, зенітныя ракетныя комплексы “Тор-М2”. Паступілі ў часці новыя і мадэрнізаваныя радыёлакацыйныя станцыі, беспілотныя авіяцыйныя комплексы, звыш 220 адзінак тэхнікі Мінскага аўтамабільнага завода. Запланавана пастаўка айчынных лёгкабраніраваных аўтамабіляў. У жніўні заступілі на баявое дзяжурства першыя айчынныя комплексы рэактыўнай сістэмы залпавага агню “Паланэз” з далёкасцю стральбы да 200 кіламетраў. Сумесны праект Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта, прадпрыемства “Завод дакладнай электрамеханікі” (пры непасрэдным удзеле ваеннага ведамства) – адзначаны на высокім дзяржаўным узроўні. Намеснік начальніка упраўлення завода
Юрый Анікееў падкрэслівае: калектыў працягвае асвойваць новыя накірункі дзейнасці.
За 22 гады існавання элітнае падраздзяленне Узброеных Сіл Беларусі – Рота ганаровай варты - прыняла ўдзел больш чым ў тысячы розных дзяржаўных мерапрыемствах. Выступала на ваенных парадах у Венесуэле, Кітаі, ацанілі страявое майстэрства беларусаў у Катары, Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. Рота ганаровай варты - часты госць і ў Расіі. Адна з такіх паездак запомнілася яфрэйтару
Паўлу Міхайлаву. У мае ён звольніцца ў запас, але марыць застацца па кантракце ў радах беларускай арміі. Карыснымі сталі паўтары гады ў армейскім калектыве.
Узброеныя Сілы Беларусі актыўна развіваюць міжнароднае ваеннае супрацоўніцтва - асноўны складнік знешнепалітычнай дзейнасці дзяржавы. Гэта двухбаковыя і шматбаковыя кантакты, абмен вопытам у ваенна-тэхнічнай сферы, адукацыі, навуцы, культуры і спорце. Працягваецца супрацоўніцтва з Расіяй і дзяржавамі - партнёрамі Беларусі, з міжнароднымі арганізацыямі АДКБ, СНД, ААН, НАТА з улікам шматвектарнай палітыкі дзяржавы. На сёння беларускае ваеннае ведамства супрацоўнічае з больш чым 60-цю краінамі. Пры Міністэрстве абароны аккрэдытаваныя ваенныя аташэ з 52-х дзяржаў. Сёлета на тэрыторыі нашай краіны запланавана сумеснае стратэгічнае вучэнне Беларусі і Расіі “Захад-2017”. Беларусь у чарговы раз зможа прадэманстраваць адкрытасць сваіх намераў, імкненне да ўмацавання рэгіянальнай бяспекі і добрасуседства.