
Cярод спектаклей, якія былі адзначаны Нацыянальнай тэатральнай прэміяй Беларусі-2018 – спектакль Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра «Вішнёвы сад». Эксперыментальная пастаноўка рэжысёра-харэографа Сяргея Мікеля заваявала адразу некалькі прызоў у намінацыях «Лепшы спектакль балета» і «Лепшая работа пастаноўшчыка ў музычным спектаклі».
Чэхаўская класічная п'еса – увасабленне духоўных каштоўнасцяў, сэнсу жыцця ў час пералому эпохі. Яна закранае няпростыя чалавечыя ўзаемаадносіны і пакідае пытанні: хто я? Чаму я? Якім я буду ў будучыні?
Чаму малады харэограф Сяргей Мікель вырашыў шукаць адказы на гэтыя пытанні і гаварыць з гледачамі на гэту тэму праз мову балетнага жанру, – ён адкажа сам аўтару праграмы Яне Хадоска. Таксама госці «Творчага вечара» – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі кампазітар Алег Хадоска, мастак-пастаноўшчык Любоў Сідзельнікава і артысты балета Алена Германовіч і Вікторыя Каралёва.
«Творчы вечар», эфір ад 13 сакавіка.