Падзяліцца:
24 Студзеня 2019

Оскар не той, Оскар – гэта вялікая рэкламная кампанія, Оскар – гэта прэсная цырымонія, якая з кожным годам цікавіць усё менш людзей. Пра гэта кажуць і пішуць даўно, і калі камітэт прэміі можа не прыслухоўвацца да “альтэрнатыўных” меркаванняў, то на лічбы павінен звяртаць увагу – трансляцыя ўручэння, якое пазіцыяніруецца як галоўная падзея года ў кіно, няўхільна губляе аўдыторыю. І гэта не толькі вынік скандалаў апошніх гадоў – цяпер госці і вядучыя баяцца не тое што нагаварыць лішняга, а нават зрабіць рух ці не так адрэагаваць – бо абвінавацяць у спачуванні тым, чые кар’еры пахаваныя пад хэштэгам #MeToo.

Што казаць, калі да ўручэння месяц, а яшчэ невядома, хто будзе весці цырымонію. У снежні было абвешчана, што вядучым стане комік Кевін Харт. Аднак літаральна праз два дні яму ўзгадалі даўнія жарты і абразы ў бок ЛГБТ-супольнасці, і ён быў вымушаны адмовіцца. Прапанавалі Білі Крысталу, але адразу акрэслілі тэмы, жартаваць на якія нельга, і… атрымалі адмову. Вярнуліся да кандыдатуры Харта, але ён палічыў за лепшае больш не звязвацца.

KKK.jpg

У жаданні надаць разнастайнасці – абнавілі шэрагі Кінаакадэміі. У выніку Оскар стаў ледзь не філіялам Берлінскага кінафестывалю, адзін з прынцыпаў якога – celebrate diversity, што можна перакласці як “паважайце разнастайнасць”. Любая разнастайнасць, калі яна таленавітая, сама праб’ецца – узгадайце хаця б фільм афраамерыканца Джордана Піла “Прэч”. У аўторак жа аб’яўленне галоўнай намінацыі пачалося з “Чорнага кланаўца” (ну, гэты яшчэ дастойны) і… “Чорнай пантэры”. Не так даўно для яе хацелі нават увесці асобную намінацыю накшталт “Найлепшага папулярнага фільма”, але потым, відаць, вырашылі не разменьвацца на дробязі.

Я нічога не маю супраць коміксаў – як да іх не ставіцца, але ў апошнія гады менавіта прыгоды “хлопцаў у трыко” ўносяць уклад у развіццё, прынамсі, тэхнічнага боку кіно. А некаторыя цалкам дастойныя і іншых намінацый, у тым ліку за рэжысуру і акцёрскія работы. Упершыню пра з’яўленне на Оскары гэтага “нізкага” жанру загаварылі пасля выхаду “Цёмнага рыцара” Крыстафера Нолана, але дзе “Цёмны рыцар” – а дзе “Чорная пантэра”. Пахіснуць традыцыі, зрушыць стэрэатыпы – што ж, добра, але па факце ў гісторыю трапіў нават не найлепшы комікс года.

born.jpg

Інакш як непаразуменнем не назавеш і прысутнасць у галоўнай намінацыі фільма “Зорка нарадзілася”. Гэта рымэйк рымэйка стужкі 1937 года пра ўзыходжанне на музычны алімп таленавітай спявачкі з заштатнага клуба. Фільм Брэдлі Купер, здаецца, задумаў толькі дзеля таго, каб праспяваць на сцэне з Лэдзі Гагай. Нават яе песні не выратоўваюць гэтую нудную, схематычную і бесхарактарную карціну – паглядзіце лепей кліпы поп-зоркі, у іх куды больш сюжэта, драмы і падзей. Яшчэ адзін намінант таксама трымаецца ў асноўным на музыцы, але “Багемскаую рапсодыю”, прынамсі, глядзець цікава. Усё ж, гэта гісторыя  рэальнага чалавека, беднага, непрыгожага, узнікшага немаведама адкуль, але які за кошт неверагоднага таленту стаў адным з самых папулярных і любімых людзей у свеце. 
ROMA.jpg

Брэдлі Купера няма ў рэжысёрскай намінацыі, а гэта значыць – шансы “Зоркі” на Оскар невялікія (як і, згодна з тым жа прынцыпам, у “Багемскай рапсодыі”). Хутчэй за ўсё, галоўны прыз дастанецца “Роме”, “Фаварытцы” або “Уладзе”. Калі статуэтку ўручаць Альфонса Куарону, гэта будзе першы трыумф неангламоўнага фільма – пахіснуць традыцыі не змаглі ў свой час ні Бергман, ні Рэнуар, ні Ханэке. Але, на маю думку, больш важна, што “Рома” – гэта прадукт Netflix, і добра, калі перамога падштрухне стрымінгавую платформу ўкладваць больш сродкаў менавіта ў аўтарскае поўнаметражнае кіно (у ліку намінантаў яшчэ і “Балада Бастара Скрагса” братоў Коэнаў).

zelenaya_kniga_2019_3.jpg

Калі “Рому” можна паглядзець у сетцы ўжо зараз, то іншыя прэтэндэнты будуць выходзіць у пракат цягам месяца. Так, літаральна з гэтага дня ў кінатэатрах “Зялёная кніга”. Гэта роўд-муві, у якім піяніст Дон Шырлі і яго шафёр і целаахоўнік, бандыт з Бронкса, адпраўляюцца ў турнэ па амерыканскім поўдні, дзе чорныя не лічыць яго за свайго, а белыя ўспрымаюць як “дрэсіраваную малпу”. На двары 60-я, і негру, няхай і зорцы Карнэгі-хола, спыніцца на начлег або паабедаць можна далёка не ўсюды – толькі ў тых атэлях і кафэ, што занесены ў так званую “зялёную кнігу”. Гэта яшчэ адна карціна, заснаваная на ідэі, што музыка мяняе жыццё і можа зблізіць нават самых непадобных людзей.

Праз тыдзень чакаем “Фаварытку” – камедыю Ёргаса Ланцімаса (“Лобстар”, “Забойства святога аленя”) пра англійскую каралеву і дзвюх яе фрэйлін. Усе яны атрымалі намінацыі. На статуэтку найлепшай актрысы прэтэндуе Алівія Колман; Эма Стоун і Рэйчал Вайс – на перамогу ў намінацыі “найлепшая актрыса другога плана”.

vice-amy-adams-christian-bale_0.jpg

Апошняй (якраз напярэдадні ўручэння Оскара) у пракат выйдзе “Улада”. У арыгінале фільм называецца Vice, што можна перакласці як “загана”, але гэта і адсылка да пасады “віцэ-прэзідэнт”. Галоўны герой – Дзік Чэйні, “шэры кардынал” амерыканскай палітыкі часоў Буша-малодшага. Ён вядомы як ініцыятар уварвання ў Ірак і “грунтоўным” адказам на пытанне, дзе ж Садам Хусэйн хавае хімічную зброю: “Адсутнасць доказу – гэта не доказ адсутнасці”. І каб разумець, як да асобы Чэйні ставяцца ў ЗША. Атрымліваючы “Залаты глобус” за галоўную ролю, Крысціян Бэйл падзякаваў за натхненне Сатане. Пасля чаго хрысціянская грамадскасць прапанавала перахрысціць Бэйла ў Антыкрысціяна.

Уладальнікаў прэміі назавуць 24 лютага. А перад гэтым уручаць анты-Оскары. Фільм “Улада” на “Залатую маліну” не прэтэндуе, але без палітыкі і тут не абышлося – сярод намінантаў дзеючы прэзідэнт ЗША Дональд Трамп.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: