Падзяліцца:
Да Дня нараджэння Максіма Багдановіча – праграма «Галерэя», 9.12.2018
7 снежня 2018
Да Дня нараджэння Максіма Багдановіча – праграма «Галерэя», 9.12.2018 Загадчык філіяла «Літаратурны музей Максіма Багдановіча» ў Траецкім прадмесці Міхаіл Бараноўскі – госць аўтара праграмы «Галерэя» Валянціны Стэльмах. Музей вядзе збіральніцкую, даследчую, навукова-асветную працу, захоўвае прадметы духоўнай і матэрыяльнай культуры, звязаныя з жыццём і дзейнасцю паэта. Штогод, 9 снежня, у дзень нараджэння Максіма Багдановіча (1891 г.), у музеі ладзяцца цікавыя экскурсіі, імпрэзы, літаратурныя гасцёўні. Якраз сёлета спаўняецца 105 гадоў з выхаду ў свет першай і адзінай прыжыццёвай кнігі паэта «Вянок», дзе «столькі сімвалаў узрушаных пачуццяў» і сапраўдная «музыка беларускага слова». У праграме гаворка пойдзе пра вечную загадку асобы Багдановіча, які амаль усё жыццё пражыў у далечыні ад Бацькаўшчыны, але ўсе яго творы прасякнуты любоўю да Беларусі. І пра тыя «скрыжаванні лёсаў», праз якія прайшлі нашчадкі сем’яў Пешкавых і Багдановічаў: Максім Горкі і Адам Багдановіч (бацька паэта) ажаніліся на сёстрах Волжыных, іх звязвалі сваяцкія адносіны. І яшчэ пра запавет паэта нашчадкам. Эфір праграмы «Галерэя» – 9 снежня ў 11-00.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: