З 15 па 18 снежня прагучыць радыёфільм-рэквіем «Вогненная памяць» у чатырох частках паводле кнігі пісьменнікаў Алеся Адамовіча, Янкі Брыля, Уладзіміра Калесніка «Я з вогненнай вёскі...»
У Год гістарычнай памяці мы вырашылі ўзяць за аснову нашага праекта гэтую кнігу-дакумент. Які мастацкі сюжэт, нават калі ён створаны паводле абсалютна канкрэтных падзей, можа параўнацца з праўдай жывога жыцця? Галасы сведкаў жахлівай трагедыі генацыду беларускага народа ў гады фашысцкай акупацыі даносяць да нас якраз тую непрыхарошаную, страшную праўду. А гукавыя магчымасці аўдыяжанру дазваляюць захаваць час, месца дзеяння, атмасферу.
Зразумела, што з амаль пяцісот кніжных старонак мы змаглі узяць толькі асобныя аповеды для нашага радыёфільма. Але справа не ў колькасці, а ў тым, што яны ўсё роўна вяртаюць нас назад, у гісторыю. Яны выклікаюць эмацыйны шок, яны ў пэўным сэнсе кадзіруюць нас ад беспамяцтва і папярэджваюць пра адказнасць кожнага за дзень сённяшні.
У ролях заняты артысты мінскіх тэатраў, Апавядальнікі – народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч і заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзімір Рагаўцоў, рэжысёр-пастаноўшчык Алег Вінярскі, гукарэжысёр Валерый Бяляеў, аўтар інсцэніроўкі для радыё і кіраўнік праекта Галіна Шаблінская. Музыка кампазітара Уладзіміра Саўчыка, запісана сімфанічным аркестрам і Акадэмічным хорам Белтэлерадыёкампаніі, дырыжоры Аляксандр Высоцкі і Андрэй Саўрыцкі.
Першая частка радыёфільма-рэквіема «Вогненная памяць» прагучыць у «Тэатры Беларускага радыё» 15 снежня. Час эфіру, як заўсёды, – 22 гадзіны 5 хвілін.

