Падзяліцца:
«Дарога пасажыра пачынаецца з тваёй усмешкі». Праваднік Наталля Калесніковіч расказала пра асаблівасці сваёй прафесіі ў праграме «Рынак працы» (аўдыё)
13 чэрвеня 2017
«Дарога пасажыра пачынаецца з тваёй усмешкі». Праваднік Наталля Калесніковіч расказала пра асаблівасці сваёй прафесіі ў праграме «Рынак працы» (аўдыё) Патрэба ў кадрах у Мінску з пачатку года вырасла амаль на 40%, паведаміла старшыня камітэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Жанна Рамановіч. Разам з тым захоўваецца пэўны дысбаланс: менш запатрабаваныя работнікі з нізкай кваліфікацыяй. Такіх вакансій у горадзе толькі каля 600, а патрэба ў іх у разы большая. Усяго наймальнікі заявілі каля адзінАццаці тысяч працоўных месцаў. Рэгулярна праводзяцца кірмашы вакансій, дні прадпрыемстваў, ствараюцца новыя працоўныя месцы (сёлета на іх уладкавалі 6 600 чалавек). Спецыяліст адзначыла: людзі сталі больш адказна ставіцца да сваёй дзейнасці, менш работнікаў звольнена за прагулы і іншыя парушэнні. Разам з тым, у цэлым занятых у эканоміцы стала менш – хтосьці выйшаў на пенсію, хтосьці трапіў пад аптымізацыю персаналу. Прадпрыемствы па-ранейшаму больш звальняюць, чым прымаюць людзей. У сувязі з гэтым, у раёнах плануюць няўхільна выконваць даручэнне Прэзідэнта: мясцовыя органы ўлады не могуць несанкцыянавана звальняць работнікаў без наступнага працаўладкавання іх на новыя месцы, акрамя тых выпадкаў, калі звальняюць па дыскрэдытуючых абставінах. Да гэтай дзейнасці варта падключыць прафсаюзныя арганізацыі. Кожны выпадак звальнення павінен быць на кантролі, таксама як і аператыўнасць падачы ў службу занятасці наяўных вакансій. Пачалося лета – час адпачынку. Беларуская чыгунка прызначыла дадатковыя цягнікі да курортаў Чорнага і Азоўскага мораў. Каб паездка прайшла лёгка, трэба забяспечыць максімальны камфорт пасажырам. Гэта задача маленькага гаспадара вялікага вагона - правадніка. Наталля Калесніковіч добра ведае правілы чыгуначнага руху, матэрыяльна-тэхнічнае абсталяванне пасажырскага вагона, сэрвіснае абслугоўванне і этыкет. Вучылася ў Брэсцкім тэхнікуме чыгуначнага транспарту, цяпер - праваднік 6 разраду: «На чыгунцы я працую ўжо 6 гадоў. Першыя два - на цягніку №94 «Мінск – Адэса». Там добра сябе зарэкамендавала, мяне адабралі на фірменны цягнік. Здала экзамены на павышаны разрад, і ўжо чатыры гады абслугоўваю цягнік №2 «Мінск-Масква», адзін з лепшых цягнікоў пад прыгожай назвай «Беларусь». Праваднік - гэта чалавек, які павінен быць абсалютна камунікабельным, ветлівым, таму што дарога пасажыра пачынаецца з тваёй усмешкі, ты яго сустракаеш на пасадцы – і гэтым задаеш тон усёй паездцы. Гэта чалавек, які абслугоўвае вагоны, які дапамагае перавозіць пасажыраў з пункта А ў пункт Б, робіць іх паездку камфортнай, каб іх усё задавальняла, каб яны прыехалі ў прызначанае месца, выйшлі з вагона і ўспаміналі пра гэтую паездку толькі добрае». Работа правадніка пачынаецца за некалькі гадзін да адпраўлення цягніка: трэба прайсці інструктаж, распісацца ў шматлікіх журналах, прыняць вагон і падрыхтаваць яго: прыбіранне, засцілка і сервіроўка стала. Затым апрануць форму і выйсці на пасадку сустракаць пасажыраў. На першы погляд, работа можа здацца лёгкай. Але з якімі цяжкасцямі можа сутыкнуцца праваднік? «Гэта неабходнасць працы па начах - тым, хто любіць паспаць, натуральна прыходзіцца часам цяжкавата. Збіваецца крыху твой графік сну, нават дома на выхадных, але хутка прывыкаеш да гэтага і ў прынцыпе гэта не такая ўжо цяжкасць. Бывала, напрыклад, што кантактная сетка пакрывалася тоўстым пластом лёду і мы не маглі ехаць далей, спыняліся на перагоне ў лесе, стаялі гадзіну і чакалі, пакуль нас забяруць. Паломкі часам бывалі, чаго толькі не было! Але ў нас працуюць добрыя прафесійныя супрацоўнікі, яны імкнуцца гэта ўсё хутчэй ліквідаваць, каб людзі даехалі ў патрэбнае месца з камфортам. А са станоўчых момантаў - гэта магчымасць убачыць розных пасажыраў. Такія тыпы людзей часам сустракаюцца, пра якія нават не ведала і думала, што гэта бывае толькі ў кіно! Усе настолькі розныя, цікавыя, яны шмат чаму цябе вучаць». Калі ў самалёце пры пасадцы ўсе апладзіруюць, то ў цягніку пры выхадзе з вагона дзякуюць і абяцаюць вярнуцца. Мы жадаем вам камфортных паездак і добрага суправаджэння гэтым летам!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: