З 2 па 11 мая на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё пройдзе «Дэкада памяці» да 77-й гадавіны Вялікай Перамогі. Штовечар у нашай эфірнай тэатральнай зале будуць гучаць спектаклі і пастаноўкі паводле мастацкіх твораў пра Вялікую Айчынную вайну.
У радыйных фондах захоўваюцца сотні пастановачных работ і паэтычных кампазіцый, прысвечаных ваеннай тэме. Лепшыя творы беларускіх аўтараў абавязкова знаходзілі ўвасабленне ў жанры радыёспектакля. Гэта проза і драматургія пісьменнікаў-франтавікоў і пісьменнікаў з пакалення “дзяцей вайны”, а таксама тых, хто нарадзіўся ў мірны час і прыйшоў у літаратуру значна пазней. У кожнага з іх – свой мастацкі спосаб адлюстравання тых трагічных падзей ХХ стагоддзя, але адна праўда пра Вялікую Перамогу, якая забрала кожнага трэцяга беларуса…
Стылістыка ваенных радыёспектаклей таксама вельмі розная. Гэта і батальныя гераічныя палотны, і камерныя псіхалагічныя пастаноўкі, і бязлітасныя натуральнасцю жахлівых падзей балады-рэквіемы, і нечаканыя лірычнымі матывамі гісторыі сяброўства і кахання. Хаця, вядома ж, абсалютна кожнаму з іх найперш уласцівы матывы болю і гневу. Пачуцці, з якімі жылі, змагаліся, ішлі на смерць альбо цудам выжывалі ўсе, хто набліжаў чаканую Перамогу.
За апошнія гады мы запісалі некалькі новых радыёспектаклей паводле ваенных твораў беларускіх аўтараў. Частку з іх вы пачуеце гэтымі майскімі днямі ў «Тэатры Беларускага радыё».
2 мая – радыёфільм «Пісьмы, вернутыя з небыцця…» паводле біяграфіі народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы;
3-5 мая – радыёспектакль «Найдорф» паводле аповесці лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі пісьменніка Івана Пташнікава;
6-8 мая – радыёспектакль «Млечны Шлях» паводле аднайменнага рамана класіка беларускай літаратуры Кузьмы Чорнага;
9-11 мая – радыёспектакль «Воўчая зграя» паводле аповесці народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава.
«Тэатр Беларускага радыё» у эфіры кожны вечар з 22.05 да 23.00 (і пасля апоўначы – з 2.05 да 3.00).