Падзяліцца:
Дом радыё ў Мінску адкрыўся ў адзін год з Домам французскага радыё ў Парыжы (аўдыё)
15 лістапада 2017
Дом радыё ў Мінску адкрыўся ў адзін год з Домам французскага радыё ў Парыжы (аўдыё) Актыўнае развіццё радыёвяшчання ў БССР патрабавала ўсё больш намаганняў – і тэхнічных, і чалавечых. Таму ўжо ў 1930-ых гадах з'явілася задума: для радыё трэба ўзвесці асобны будынак. У архівах захаваўся праект, які прапанавалі ў 1935-ым маладыя архітэктары Наталля Маклецова і Аляксандр Воінаў. Манументальную пірамідальную «высотку» са скульптурамі наверсе меркавалася пабудаваць на сённяшняй вуліцы Чырвонай. Аднак, па нейкіх прычынах гэты праект не быў рэалізаваны. Затое праз 25 гадоў быў узгоднены праект іншага будынка ўсё на той жа вуліцы. І восенню 1963-га адкрыў дзверы Дом радыё на Чырвонай, 4. На цырымоніі яго адкрыцця мінскія ўлады прызналіся: узвядзенне будынка стала для горада няпростай задачай, шмат цяжкасцей было з радыёстудыямі, якія павінны былі не праводзіць гук і мець добрую акустыку. У новым памяшканні была спецыяльная канцэртная студыя, літаратурна-драматычны блок, цэнтральная апаратная на 10 каналаў. Беларускі Дом радыё стаў першым на прасторах СССР будынкам, узведзеным спецыяльна пад радыёвяшчальны цэнтр. Цікава, што ў тым жа 1963-ім у Парыжы адкрыўся Дом французскага радыё. Сярод адметнасцей сённяшняга Дома радыё – унікальны студыйны комплекс гуказапісу, які адпавядае сучасным сусветным стандартам. Прафесійнае абсталяванне дазваляе запісваць тут практычна любыя інструменты і калектывы. Па матэрыялах кнігі І.Куркова «Мір жывога эфіру». На фота: так мог выглядаць Дом радыё ў Мінску (ілюстрацыя tut.by).
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: