Падзяліцца:
Дзень роднай мовы у эфіры Беларускага радыё
20 лютага 2024
Дзень роднай мовы у эфіры Беларускага радыё

21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Яго мэта – садзейнічаць моўнай і культурнай разнастайнасці і шматмоўю.

Менавіта мова – самы моцны інструмент захавання нашай матэрыяльнай і духоўнай спадчыны. Паводле даных ААН, сёння ў свеце каля 7 тысяч моў, прычым 45% з іх знаходзяцца пад пагрозай знікнення – гэта значыць, у бліжэйшы час яны могуць страціць сваіх апошніх носьбітаў. Кожныя два тыдні ў свеце знікае адна мова, а разам з ёй – цэлая культурная і інтэлектуальная спадчына.

Згодна з данымі перапісу насельніцтва Беларусі ў 2019 годзе, беларускую мову назвалі роднай амаль 5,1 млн жыхароў краіны.

Па-беларуску гучалі і першыя словы ў айчынным радыёэфіры: «Увага! Гаворыць Мінск!» Амаль праз сто гадоў пасля гэтай падзеі традыцыю вяшчання на роднай мове захоўваюць радыёстанцыі Белтэлерадыёкампаніі.

На Першым нацыянальным канале Беларускага радыё 21 лютага ў эфір выйдуць тэматычныя выпускі перадач. Так, аўтары спецпраекта «Беларусь адзіная» разам з Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей Аляксандрам Румакам паразважаюць пра ўклад іншых народаў у развіццё беларускай мовы, а таксама пра захаванне айчыннай культуры ў замежжы.

На працягу ўсяго эфірнага дня будуць гучаць спецыяльныя выпускі адукацыйнай рубрыкі «Моўныя хвілінкі» – для тых слухачоў, якія жадаюць удасканаліць веданне беларускай мовы або даведацца цікавыя факты пра яе.

Акрамя таго, музычнае напаўненне эфіру ў гэты дзень будзе складацца пераважна з кампазіцый на роднай мове.

У эфіры канала «Культура» 21 лютага запланавана прамая трансляцыя Рэспубліканскай дыктоўкі па беларускай мове. Да ўдзелу ў акцыі, арганізаванай Інстытутам мовазнаўства імя Я.Коласа, Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі сумесна з Беларускім радыё, запрашаюцца ўсе жадаючыя, хто хоча праверыць свой узровень валодання роднай мовай. Пачатак трансляцыі дыктоўкі – а 13-й гадзіне.

«Я магла б гаварыць па беларуску 24/7», – прызнаецца тэлевядучая, журналіст АТН Белтэлерадыёкампаніі Наталля Бардзілоўская. Менавіта яна стане ў гэты дзень госцем праграмы «Дыялогі пра культуру».

Вечарам у праекце «Канцэртная зала» можна будзе паслухаць радыёверсію акцыі да Міжнароднага дня роднай мовы, якая напярэдадні прайшла ў Мінскай гарадской ратушы з удзелам Міністэрства замежных спраў Беларусі, міжнароднага спадарожнікавага тэлеканала «Беларусь 24» і канала «Культура» Беларускага радыё. У выкананні замежных дыпламатаў прагучаць вершы беларускіх паэтаў-юбіляраў 2024-га года пад акампанемент музычных калектываў Белтэлерадыёкампаніі.

Адзіная беларускамоўная рок-станцыя «Сталіца» падрыхтавала спецыяльны выпуск праекта «Аднойчы ў гісторыі». У ім пойдзе размова пра адно з самых ветлівых слоў ў любой мове свету – «дзякуй». Дарэчы, у гэтага слова ёсць сваё свята – Міжнародны дзень «дзякуй».

У інтэрактыўным праекце «Абед у кабінет» слухачы атрымаюць магчымасць прыняць удзел у тэматычнай віктарыне і выйграць сувенірную прадукцыю з брэндавым лагатыпам. У музычным плей-лісце ў гэты дзень будуць гучаць любімыя кампазіцыі на роднай мове.

Радыёстанцыя «Радыус FM» аформіць сацсеткі і сайт святочнымі графічнымі банерамі. У эфіры будзе больш роднай мовы – слухайце па-беларуску навіны ў 9:00, 12:00, 15:00 і 18:00, а таксама некаторыя аўтарскія перадачы. У гэты дзень у VK і Інстаграм таксама будуць размешчаны запісы на матчынай мове.

Міжнароднае радыё «Беларусь» вяшчае на 9 мовах, яны родныя для жыхароў самых розных краін на розных кантынентах. У эфіры рэгулярна гучаць аудыёўрокі беларускай мовы для замежных слухачоў на англійскай, нямецкай і польскай мовах.

21 лютага радыёстанцыя раскажа пра ключавыя мерапрыемствы ў рамках Міжнароднага дня роднай мовы ў выпусках навін на рускай, беларускай, англійскай, нямецкай і польскай мовах, а таксама ў дайджэстах навін на іспанскай, французскай, кітайскай і арабскай мовах. Гэтыя матэрыялы будуць даступныя і ў выглядзе аўдыяверсій на інтэрнэт-сайце радыё «Беларусь».

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: