Падзяліцца:
«Дзверы адчынены, запрашаем!» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)
25 сакавіка 2019
«Дзверы адчынены, запрашаем!» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё) – Мама, тата, хутчэй, хутчэй, каб не спазніцца… Хлопчык рашуча цягнуў за рукі бацькоў, спяшаючыся да будынка Мінскага ваеннага сувораўскага вучылішча. Сюды ў мінулую суботу ішло нямала такіх усхваляваных падлеткаў. Ля ўвахода іх вітаў бронзавы хлопчык-суворавец, запрашаючы на дзень адчыненых дзвярэй. І было прыемна назіраць за імклівым натоўпам, у якім дружна крочылі і дзеці, і дарослыя. А пакуль я ішла на працу ў Дом радыё, ўзгадала сустрэчу на факультэце журналістыкі падчас такога ж дня адчыненых дзвярэй. Тады дзяўчына і яе маці звярнуліся да мяне з пытаннем, як знайсці аўдыторыю, дзе можна даведацца пра ўмовы паступлення і навучання, як гаворыцца, з першых вуснаў. Я падказала і не змагла не запытацца, а чаму менавіта выбрана журналістыка? Дзяўчына адказала, што гэта яе мара – стаць рэпарцёрам. А маці з гонарам дадала, што дачка ўжо друкуецца ў раённай газеце. Мне засталося толькі пажадаць удачы, бо дакладна ведаю: калі ёсць уяўленне аб будучай прафесіі і імкненне авалодаць ёю, – мара ажыццявіцца. А калі няма? Тады, калі ласка, на дні адчыненых дзярэй, якія рэгулярна праводзяцца навучальнымі ўстановамі рознага ўзроўню і профілю. Гэты тыдзень як раз багаты на такія мерапрыемствы. Той жа факультэт журналістыкі БДУ запрашае да сябе 28 сакавіка. У гэты ж дзень сваіх абітурыентаў чакаюць на біялагічным і філалагічным факультэтах, у юрыдычным калежды і Інстытуце тэалогіі. А літаральна заўтра свае дзверы адчыняць ліцэй БДУ і факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі. Свае графікі сустрэч і праграмы прэзентацый мае кожны з 16 факультэтаў, падрабязная інфармацыя, калі ласка, – на сайце БДУ. Да таго ж, сёння пачынаецца ўнікальны праект “Студэнт БДУ на тыдзень”. 130 старшакласнікаў з розных рэгіёнаў краіны нароўні са студэнтамі будуць прысутнічаць на лекцыях, выконваць практычныя заданні, пройдуць навучанне на розных курсах, а таксама сустрэнуцца з прадстаўнікамі прыёмнай камісіі і адміністрацыяй універсітэта, пазнаёмяцца са студэнцкім жыццём. І што цікава, такі праект ажыццяўляецца шосты раз, у ім прынялі ўдзел ужо каля 300 школьнікаў і чвэрць з іх стала студэнтамі БДУ. Знайсці менавіта сваіх студэнтаў імкнуцца і там, дзе звычайна высокія конкурсы, дзе прапануецца набыць папулярныя прафесіі і спецыяльнасці. Напрыклад, у Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі з 23 сакавіка пачаўся сапраўдны тыдзень адчыненых дзвярэй. Абітурыентаў не толькі знаёмяць з вучэбным працэсам, але і праводзяць майстар-класы ад старшакурснікаў па распрацоўцы дадаткаў і праграміраванні. Не менш папулярны Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт запрашае на дзень адчыненых дзвярэй 31 сакавіка. А Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт на працягу цэлага месяца паступова знаёміць з асаблівасцямі навучання медыцынскай навуцы. На кожны дзень наведвання нават запланавана цікавая экскурсія ў анатамічны музей. І гэта не выпадкова, бо не кожны “зялёны” студэнт вытрымлівае экзамен у “анатамічцы”. Так, могія выпускнікі імкнуцца паступаць ў прэстыжныя ВНУ, на папулярныя спецыяльнасці. І пры гэтым не задумваюцца, ці адпавядае гэта не столькі ўзроўню іх ведаў, колькі чалавечым якасцям, асаблівасцям характару. Гэта вельмі важна тым, хто будзе ў далейшым працаваць непасрэдна з людзьмі, дзецьмі, камунікаваць, кіраваць. І ранняя прафарыентацыя вельмі дарэчы. Тут можна ўзгадаць аб профільных класах педагічнай накіраванасці ў школах краіны. Да іх вучняў – асаблівая ўвага. Яскравы прыклад: рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта Аляксандр Жук днямі правёў сустрэчу са школьнікамі такіх класаў, якія прыслалі да яго найбольш цікавыя пытанні. Адказы ад настаўніка з вялікім стажам, доктара педагагічных навук, зразумела, уразілі старшакласнікаў. Дарэчы, на штогадовыя дні адчыненых дзвярэй універсітэт заўсёды запрашае знакамітых выпускнікоў, вядучых педагогаў, наватараў сваёй справы. Такія ж сустрэчы запланаваны на гэтую суботу, 30 сакавіка. Будучых абітурыентаў і іх бацькоў зацікавіць і выстава дасягненняў студэнтаў у навуковай дзейнасці, спартыўным і культурным жыцці, якая разгорнецца ў фае, а таксама займальныя віктарыны і конкурсы, зала рэдкай кнігі і электронная бібліятэка. Дзень адчыненых дзвярэй – выдатная нагода азнаёміцца з новымі і запатрабаванымі на рынку працы прафесіямі. Адразу некалькі такіх прапануе Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны. Сярод іх – “Эканамічная інфарматыка”. Вучыцца, па ўсім бачна, будзе перспектыўна і цікава: у праграму курса ўключана і вывучэнне тэхналогіі блокчэйн, аперацый з крыптавалютамі. Такія спецыялісты запатрабаваныя для рэзідэнтаў Парку высокіх тэхналогій, Гомельскага тэхнапарку, іншых буйных кампаній. І зацікаўленасць у іх ўжо зараз выказалі каля 30 вядучых арганізацый на рынку ІТ. А Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт аб’яўляе набор на спецыяльнасць “камп’ютарная бяспека” з кваліфікацыяй “спецыяліст па абароне інфармацыі”. Жадаючых набыць вельмі важную зараз прафесію ў галіне інфрамацыйнай бяспекі ўніверсітэт запрашае 6 красавіка. Тут дні адчыненых дзвярэй праходзяць у новым фармаце “Оўпен Хауз”: універсітэт – гэта дом, дзе заўсёды рады тым, хто адкрыты для новых і сучасных ведаў. Як бачна, магчымасцей для прафесійнай арыентацыі, выбару цікавай, перспектыўнай у будучым рабоце прапануецца дастаткова. І актыўнае, масавае правядзенне такіх мерапрыемстваў у гэтыя дні, думаю, не выпадкова. Зараз у беларускіх школьнікаў пачаліся вясеннія канікулы. Для старшакласнікаў – гэта самы спрыяльны час, каб зайсці ў “адчыненыя дзверы” той ці іншай вну. Пагаварыць, даведацца, прыгледзецца, каб потым не шкадаваць, а адразу дзейнічаць, як раіў вялікі Канфуцый: “Выберыце сабе работу па душы, і вам не давядзецца працаваць ніводнага дня ў сваім жыцці!”
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: