Падзяліцца:
1 чэрвеня 2018
1 чэрвеня Першы нацыянальны канал Беларускага радыё прапануе сваім слухачам зазірнуць у свет дзяцінства, даведацца, што цікавіць беларускіх хлопчыкаў і дзяўчынак, якія ў іх захапленні, мары, як яны вучацца і сталеюць. Галоўнымі героямі эфіру стануць школьнікі, выхаванцы дзіцячых садкоў, дзіцячыя творчыя калектывы. Дарослыя ўдзельнікі тэматычных праектаў раскажуць пра ролю грамадства і дзяржавы ў жыцці падрастаючага пакалення, законах і праграмах па абароне правоў дзяцей, ахове мацярынства і дзяцінства. На працягу дня ў выпусках «Навін» запланаваны прамыя ўключэнні з святочных пляцовак, спартыўных і творчых конкурсаў, якія пройдуць ва ўсіх рэгіёнах краіны. Пытанні дзяржаўнай падтрымкі сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей, і патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення будуць абмяркоўвацца з экспертамі ў інфармацыйна-аналітычным праекце «Радыёфакт» (07-00). Ранішняя інфармацыйна-музычная праграма «Раніца з Беларускім радыё» (08-00) парадуе любімымі дзіцячымі песнямі. «Сямейны праграма» (11-10 і 17-05) пазнаёміць з дружным калектывам дзяцей і дарослых на прыкладзе адной са сталічных школ-ясляў, дзе актыўна рыхтуюцца да чарговага «выпускнога» будучых першаклашак. Перадача «Будзьце здаровыя!» (11-35) пазнаёміць з дасягненнямі айчыннай медыцыны па захаванню і ўмацаванню здароўя дзяцей. Аналітычная праграма «Актуальны мікрафон» (12-05) раскажа пра дабрачынныя праекты Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Беларускі дзіцячы фонд». Музычна-забаўляльная праграма «Настрой!» (13-10) арганізуе сустрэчу з таленавітымі дзецьмі. У вячэрнім эфіры праграмы «Вітаем, віншуем, жадаем!» (17-35) слухачы змогуць павіншаваць сваіх дзяцей і ўнукаў, распавесці пра іх дасягненні і захапленні. Свае пажаданні можна дасылаць у выглядзе SMS-паведамленняў на кароткі нумар 1062. У спецыяльным выпуску праекта «Паэтычны эцюд» (20-15) прагучаць вершы для дзяцей народнага паэта Беларусі Максіма Танка. Cамых маленькіх слухачоў у 20-50 «Вячэрняя казка», як заўсёды, пакліча ў захапляльны свет прыгод і летуценняў. Настройвайцеся на нашу хвалю! Будзем разам!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: