
Працягваецца афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Туркменістан. 30 сакавіка адбыліся афіцыйныя перамовы лідараў дзвюх дзяржаў. Прэзідэнты пацвердзілі гатоўнасць паглыбляць двухбаковыя адносіны ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, культурна-гуманітарнай і іншых галінах. Па выніках перагавораў падпісаны 11 дакументаў па развіцці супрацоўніцтва ў розных сферах. Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка і Гурбангулы Бердымухамедаў прынялі ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця комплексу будынкаў пасольства Беларусі ў Туркменістане. А 31 сакавіка урачыста адкрываецца Гарлыкскі горна-абагачальны камбінат, яго сумесна пабудавалі беларускія і туркменскія спецыялісты. Гэта самы маштабны праект у двухбаковым супрацоўніцтве. Пра асаблівасці беларуска-туркменскіх адносін у эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё расказаў загадчык кафедры міжнародных адносін Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце
Сяргей Кізіма:
«Беларуска-туркменскія адносіны многімі недаацэньваюцца, хоць на самай справе - гэта адны з найбольш комплексна распрацаваных двухбаковых адносін у гісторыі беларускай дыпламатыі, знешняй палітыкі і знешняй эканомікі. Мяркуйце самі: яшчэ нядаўна з досыць невялікім Туркменістанам у нас быў тавараабарот да 300 мільёнаў долараў ЗША (і нават больш за 300 мільёнаў у 2013 годзе). Дзясяткі тысяч машын прадалі на тэрыторыі Туркменістана. Гэта значыць, у нас абсалютна звычайнымі з'яўляюцца партыі ў тысячы трактароў МТЗ, тысячы грузавых аўтамабіляў МАЗ, якія пастаўляюцца на тэрыторыю Туркменістана. Што асабліва прыемна, туркменскі рынак спажывае прамысловую прадукцыю з высокай дабаўленай вартасцю. Фактычна гэта рынак збыту, які падтрымлівае прамысловы сектар Рэспублікі Беларусь і дазваляе прадаваць прадукцыю на дастаткова выгадных умовах.
Вядома, Туркменістан адчуваў сябе лепш, пакуль ў 2014 годзе не пачалі падаць цэны на энергетычныя рэсурсы. Гэта адзін з найбуйнейшых вытворцаў газу ў Еўразіі, газ пастаўляецца ўжо ў тым ліку і ў Кітайскую Народную Рэспубліку. Ёсць там і некаторыя іншыя карысныя выкапні. У прыватнасці, сур'ёзнай падставай для ўзмацнення супрацоўніцтва сталі туркменскія радовішчы калійных соляў. Улічваючы беларускі вопыт і самыя цесныя палітыка-эканамічныя сувязі, менавіта Беларусі ў 2009 годзе даверылі пачаць будаўніцтва калійнага камбіната. Кантракт каштаваў 1 мільярд долараў ЗША. І вось нарэшце ў 2017 годзе будаўніцтва камбіната завершана. Пасля таго, як ён выйдзе на поўную магутнасць, тут будзе здабывацца прыкладна 1,4 мільёна тон калійных угнаенняў за год.
Для беларуска-туркменскіх адносінах сталі нормай розныя выставы, дзе вывучаюцца магчымасці тавараў для паставак з аднаго і другога боку, бізнес-форумы. Дылеры беларускіх вытворцаў на рынку Туркменістана ў прынцыпе развіваюць нядрэнныя абароты. У апошнія гады (у 2015-17 гадах) пачалі актывізавацца кантакты ў навукова-тэхнічнай сферы. Гэта вельмі важная рэч для Туркменістана, цэнтральна-азіяцкай краіны, якая імкнецца не залежаць толькі ад цэн на розныя экспартныя рэсурсы. Таму вопыт Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі, вопыт Парку высокіх тэхналогій, вядома, у Туркменістане вельмі запатрабаваны. Ужо былі пасяджэння міжурадавай камісіі па супрацоўніцтве ў галіне навукі і тэхналогій, будзем спадзявацца, што розныя кантракты будуць заключацца ў гэтай сферы.
Вядома ж, беларусы не маглі не заўважыць, што тысячы грамадзян Туркменістана вучыліся і навучаюцца зараз на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. 9000 - гэта самы вялікі паток замежных студэнтаў на тэрыторыі Беларусі. Іх цікавіць, вядома, медыцынская адукацыя, а таксама розныя іншыя, інжынерныя, тэхнічныя спецыяльнасці таксама запатрабаваныя грамадзянамі Туркменістана ў Беларусі як у цэнтры Еўропы.
У прынцыпе, можна сказаць смела, што беларуска-туркменскія адносіны на вельмі высокай ноце зараз знаходзяцца. Чакаем завяршэння крызісу, які ўдарыў і па магчымасцях туркменскага рынку, і адпаведна па развіцці Рэспублікі Беларусь. Чакаем завяршэння гэтага крызісу, каб зноў выйсці па ўзроўні тавараабароту на тое, што было ў дакрызісныя часы. Гэта адпавядае дынаміцы нашых цесных адносін».