Падзяліцца:
Эксперт: падпісанне Мытнага кодэкса ЕАЭС дазволіць абараніць Беларусь як экспарцёра
13 Красавіка 2017
Эксперт: падпісанне Мытнага кодэкса ЕАЭС дазволіць абараніць Беларусь як экспарцёра Напярэдадні Прэзідэнт Беларусі падпісаў пакет дакументаў, якія датычацца развіцця еўразійскай інтэграцыі. Сярод іх - дагавор аб Мытным кодэксе ЕАЭС. Расія, Арменія, Казахстан і Кыргызстан падпісалі яго ў снежні. Між тым, Аляксандр Лукашэнка найперш даручыў вывучыць, ці не пацерпяць ад новых правілаў інтарэсы Беларусі. Палажэнні кодэкса накіраваны на паглыбленне інтэграцыйных працэсаў і рост аб'ёмаў гандлю паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і сусветнай супольнасцю. Што прынясе гэты дакумент нашай краіне? - у інтэрв’ю Першаму нацыянальнаму каналу Беларускага радыё пракаменціраваў палітолаг Пётр Пятроўскі:

«Па-першае, мы будзем да гэтага часу – да моманту запуску ў дзеянне Мытнага кодэкса і ў іншых краінах ЕАЭС – знаходзіцца ў роўных умовах. На нас будуць распаўсюджвацца ідэнтычныя правілы праходжання мытнага кантролю, у тым ліку на ўчастках мяжы Еўразійскага эканамічнага саюза з іншымі дзяржавамі, за якія нясе адказнасць Рэспубліка Беларусь.
Па-другое, гэта будзе азначаць пераадоленне яшчэ адной прыступкі ў большым паглыбленні еўразійскага інтэграцыйнага праекта, яго рэалізацыі. Афіцыйна Мытны кодэкс Еўразійскага эканамічнага саюза пачне сваю работу з 1 ліпеня гэтага года. Ён з'яўляецца яшчэ адной прыступкай ва ўніфікацыі нашага мытнага заканадаўства з іншымі краінамі – членамі ЕАЭС і стварэнні агульных норм і правілаў у мытным кантролі, перасячэнні граніц краін ЕАЭС як унутры саюза, так і знешніх. Гэта значыць, для нашых замежных партнёраў у межах саюза ствараюцца больш празрыстыя і выразныя ўмовы перасячэння імі мяжы з Еўразійскім эканамічным саюзам, а для дзяржаў – членаў ЕАЭС і асабліва для суб'ектаў гаспадарання «еўразійскай пяцёркі» стымулюецца большая празрыстасць перамяшчэння тавараў, капіталаў, працоўнай сілы. Словам, фарміруюцца агульныя правілы гульні.
З падпісаннем Мытнага кодэкса ў нас будзе і менш праблем па рознага роду пытаннях фітасанітарнага кантролю, напрыклад, або ўвозу беларускай прадукцыі ў Казахстан ці Кыргызстан. Бо, нагадаем, у адрозненне ад беларуска-расійскай мяжы, дзе фактычна адсутнічае мытны кантроль, на расійска-казахстанскай або кыргызска-казахстанскай мяжы такі кантроль ёсць. Для больш якаснага, празрыстага і інтэнсіўнага экспарту беларускай прадукцыі ў гэтыя краіны ЕАЭС і неабходнае было падпісанне Мытнага кодэкса – дакумента, які ў цэлым дазваляе абараніць Беларусь як экспарцёра і зрабіць пагранічныя перамяшчэнні больш празрыстымі і адкрытымі».
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: