
Беларусь і Расія ўрэгулявалі ўсе спрэчныя пытанні ў двухбаковых адносінах. Такі вынік сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, якая адбылася 3 красавіка ў Санкт-Пецярбургу. Па выніках перамоў Беларусь і Расія дамовіліся пра сумесныя дзеянні ў сферы гарантавання бяспекі. На сустрэчы таксама вырашаны спрэчныя пытанні ў нафтагазавай сферы. Бакі вызначылі адпаведную схему і знайшлі магчымасць для ўзаемных саступак. Яшчэ адной важнай тэмай перамоў стала развіццё ўзаемадзеяння ў аграрнай і прамысловай сферах.
Рашэнні, прынятыя на сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу, у эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё пракаменціраваў палітолаг
Пётр Пятроўскі:
«Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін выпрацавалі пэўную формулу вырашэння назапашаных праблем паміж Беларуссю і Расіяй у энергетычнай галіне, у сельскай гаспадарцы і магчымай тэхналагічнай і індустрыяльнай кааперацыі. У гэтых сэнсе трэба разумець, што выпрацавана толькі пэўная формула, а не сам алгарытм прыняцця тых ці іншых рашэнняў і функцыянавання агульнай энергетычнай прасторы. У бліжэйшыя 10 дзён профільнымі міністэрствамі будзе выпрацаваны пэўны механізм рэалізацыі дамоўленасцей, якія ёсць паміж Беларуссю і Расіяй.
Аднак трэба разумець, што ў прадстаўнікоў нафтагазавага сектара ёсць сваё асобае меркаванне, якое выказаў віцэ-прэм'ер (Расіі Аркадзь) Дварковіч ўжо пастскрыптум размовы прэзідэнтаў. Таму на працягу 10 дзён будзе канкрэтна выпрацавана формула нафтагазавых адносін.
Што да праблем з рэалізацыяй беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі, то тут будзе рашэнне ў два этапы. Першы этап - расійскія спецыялісты правядуць маніторынг беларускіх сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Другі этап - рашэнне па выніку маніторынгу будзе вынесена на Вышэйшы Дзяржсавет Саюзнай дзяржавы.
Таксама на Дзяржсавеце будзе вырашана пытанне кааперацыі ў тэхналагічнай і вытворчай сферах дзвюх дзяржаў. Прэзідэнт казаў пра гэта і на круглым стале з экспертамі і СМІ яшчэ ў лютым, гэта агучвалася і пасля. На сёння тэхналагічная і вытворчая кааперацыя, стварэнне, магчыма, нейкіх наднацыянальных, міждзяржаўных вытворчасцей і карпарацый, тэхналагічных ланцужкоў з'яўляецца адной з прыярытэтных задач Беларусі і Расіі для пераадолення таго тэхналагічнага адставання, якое ёсць у рэгіёне ў параўнанні з нашымі канкурэнтамі краін Захаду».