За два месяцы года экспарт прадукцыі беларускага АПК вырас амаль на 10%, гэта дазволіла дадаткова зарабіць больш за 900 млн долараў ЗША. Паводле даных Мінсельгасхарча, у Расію пастаўкі выраслі на 5,5%, у ЕС - напалову, а ў краіны Азіі і Акіяніі - амаль удвая.
Ва ўмовах спаду сусветных рынкаў і наступстваў каронавіруса многія задаюцца пытаннем: што будзе далей? Закрыццё прадпрыемстваў у многіх краінах і затрымка тэрмінаў пасяўных кампаній можа прывесці да таго, што восенню будзе недахоп асноўных прадуктаў харчавання. Такое меркаванне ў інтэрв'ю Першаму нацыянальнаму каналу Беларускага радыё выказаў аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Аляксей Аўдонін.
«Важна разумець, што на працягу апошніх 20 гадоў у Беларусі актыўна рэалізоўвалася палітыка, звязаная з гарантаваннем харчовай бяспекі. У рэспубліцы з 2017 года дзейнічае новая стратэгія, новая дактрына нацыянальнай харчовай бяспекі да 2030 года. У рамках дзвюх дактрын (рэалізацыя першай вялася з 2004 года) было ўкладзена дастаткова сродкаў бюджэту і інвестыцый, каб Беларусь цалкам магла закрываць свае патрэбы па прадуктах харчавання. І гэта цяпер - у нестабільных умовах і пры чаканні дэфіцыту прадуктаў, росту цэн - для Беларусі з'яўляецца, напэўна, найбольш важным дасягненнем за апошні перыяд.
Многія краіны, якія ня інвеставалі ў сваю харчовую бяспеку, вядома, будуць вымушаныя імпартаваць вялізную колькасць прадукцыі з-за мяжы і траціць вялікія сродкі, свае рэзервы на імпарт.
Для Беларусі зараз імпарт па гэтай дактрыне складае не больш за 15%. Частка прадукцыі, у тым ліку, арыентавана на экспарт. Таму тут важна яшчэ раз падкрэсліць, што ўнутраны рынак, унутраная нацыянальная харчовая бяспека ў нас гарантавана.
Што да экспартных паставак, для Беларусі, вядома, важна не ўпусціць сваю долю рынку на традыцыйных нашых напрамках экспарту і адначасова развіць новыя рынкі. Цяпер, у перыяд фактычнага перадзелу сусветнай карты па пастаўках і кампаніях, асноўным ігракам важна забраць сваю долю і не страціць магчымасць па нарошчванні экспарту.
Усе складаныя перыяды, звязаныя з каронавірусам або чаканым эканамічным спадам, пройдуць, а долі на знешніх рынках застануцца. Цяпер як раз добрая кан'юнктура, каб паспяхова заваёўваць рынак, нягледзячы на тое, што паўсюдна сцвярджаецца, маўляў, будзе спад эканомікі і спажывання. Гэта не зусім так: спажыванне харчавання наадварот будзе расці, і цэны на яго будуць павышацца».
Аўтар Юрый Зайцаў.