Падзяліцца:
Эксперымент у Гомелі: спажыванне вады і электрычнасці падлічаць аўтаматы (аўдыё)
17 кастрычніка 2017
Эксперымент у Гомелі: спажыванне вады і электрычнасці падлічаць аўтаматы (аўдыё) Улік спажывання вады, электраэнергіі, а ў будучым – і газу стане аўтаматызаваным. Пілотны праект зараз рэалізуюць у некалькіх дамах Гомеля. Як новае абсталяванне працуе на практыцы, даведалася Алеся Пярова. Генадзь Ахрыменка, жыхар так званага «эксперыментальнага дома», прывык да ўвагі журналістаў. Гаспадар адной з кватэр да нядаўняга часу быў старшынёй жыллёвага таварыства, 10 гадоў таму ўдзельнічаў у прыёмцы дома і ведае пра яго ўсё - ад падмурку да даху. Былы энергетык, прафесійна і з адабрэннем ставіцца да ўсяго новага, што спрашчае жыццё людзям: «Вядома, гэта ўсё зараз больш сучасна: увесь улік па камунальных паслугах, прадастаўленне гэтых паслуг. Усё нашмат хутчэй адбываецца. І таму цяпер ніякіх праблем няма ні для нас, ні для прадпрыемстваў, якія аказваюць гэтыя паслугі». Дзейнічае сістэма наступным чынам. У 72 кватэрах усталяваны спецыяльныя модулі, якія фіксуюць інфармацыю па спажытых аб'ёмах і праз сістэму GSM даныя ў рэжыме онлайн адпраўляюць ў разліковыя цэнтры. Так можна адразу выявіць неплацельшчыкаў. А ў кантралёраў знікне неабходнасць хадзіць па кватэрах і звяраць паказанні лічыльнікаў, - расказвае пра перавагі намеснік гендырэктара вытворчага ўнітарнага прадпрыемства “Гомельская гарадская жыллёва-камунальная гаспадарка Валянцін Радзюк: «Мы можам кантраляваць усе ўцечкі і несанкцыянаваны адбор вады ў доме. Гэта тычыцца сетак унутрыдамавых. Акрамя таго, кожны чалавек зможа дакладна кантраляваць сваю аплату за ваду на кожны апошні дзень месяца». У будучым, калі рабатызаванымі сістэмамі абсталююць ўвесь жылы сектар, самастойна здымаць паказанні з лічыльнікаў вады і электраэнергіі не будзе патрэбы. Карыстальнікі інтэрнэт-банкінгу ўбачаць свае кубы альбо кілаваты ў асабістым кабінеце. Той, хто аплочвае жыллёва-камунальныя паслугі ў банку альбо на пошце, таксама зможа на месцы атрымаць інфармацыю па спажытых аб'ёмах. А плюсаў у гэтым нямала, - упэўнены галоўны інжынер “Гомельводаканала” Уладзімір Грыбанаў: «Мы зможам атрымаць дакладны баланс паміж вадой, пададзенай у сетку, і той, што спажылі абаненты. Таму што на сёння не ўсе абаненты выконваюць правіла - здымаць паказанні ў апошні дзень месяца і далей іх аплачваць. А маючы выразны баланс, мы зможам аператыўна ацэньваць стан сістэмы і выяўляць яе паразы. Атрыманыя грошы будуць выдаткавана на рэканструкцыю сістэмы і наступнае больш якаснае абслугоўванне людзей». Дарэчы, новабудоўлі плануецца адразу абсталёўваць новымі сістэмамі. Але гэтая добрая і карысная справа патрабуе вырашэння некаторых заканадаўчых момантаў і, зразумела, вялікіх грашовых выдаткаў.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: