
Стаўка рэфінансавання Нацбанка з 19 красавіка чарговы раз знізілася. На адзін пункт - з 15% да 14% гадавых. З улікам ацэнкі дынамікі інфляцыі і сітуацыі ў эканоміцы старшы аналітык «Forex Club у Беларусі» Валерый Палхоўскі ў інтэрв'ю Першаму нацыянальнаму каналу Беларускага радыё дапусціў магчымасць далейшага паступальнага зніжэння працэнтных ставак сёлета:
«Няма нічога дзіўнага ў тым што, Нацбанк працягвае зніжаць стаўку рэфінансавання, таму што ён вызначыў у якасці асноўнай мэты сваёй дзейнасці - забеспячэнне нізкага ўзроўню інфляцыі. Пастаўлена мэта ў раёне 9%, але апошнія даныя, якія мы атрымліваем па спажывецкай інфляцыі ў Беларусі, сведчаць: у гадавым вымярэнні яна пакуль прырастае на ўзроўні 6,7%. Гэта амаль на 2% ніжэй за планку, якую ставіць перад сабой Нацбанк. Таму ёсць разуменне, што палітыку «дарагіх грошай» можна крыху аслабіць. Адпаведна, рэгулятар ідзе на зніжэнне ўліковай стаўкі. І можна нават выказаць здагадку, што калі інфляцыя будзе трымацца дзесьці на ўзроўні каля 7%, то, хутчэй за ўсё, мы яшчэ сёлета можам убачыць зніжэнне стаўкі. Калі ж усё-такі яна пачне павышацца да 9%, цалкам магчыма, пакуль што прыпынімся, і 14% будзе ў якасці ніжняй мяжы стаўкі.
Як гэта будзе ўплываць на спажыўцоў? У першую чаргу, калі мы пойдзем браць у банку крэдыт, то будзем прыемна здзіўлены тым, што працэнты па ім сталі ў чарговы раз ніжэйшымі. Праўда, гэта палка з двума канцамі: даходнасць па ўкладах у беларускіх рублях таксама будзе зніжацца. Але калі мы возьмем пад увагу, што інфляцыя падае, мы будзем бачыць, што ў нас даходнасць па ўкладах у беларускіх рублях ўсё роўна перавышае ўзровень інфляцыі і перавышае даходнасць па ўкладах у замежнай валюце».