Падзяліцца:
29 красавіка 2019

У кінатэатрах ідзе стужка ізраільскага рэжысёра Надава Лапіда “Сінонімы”, якая перамагла сёлета на Берлінскім кінафестывалі. Паколькі яна стала адным з нямногіх яго адкрыццяў, шмат хто сумняваўся – “ціхі шэдэўр” гэта, або рак на бязрыб’і. Алё сёння, чым больш я думаю пра “Сінонімы”, тым глыбей усведамляю, як тонка перадаў Лапід так званы “дух часу”. Пасля Вавілона чалавецтва разышлося ў розныя бакі, адмежавалася моўна і культурна, а такія з’явы як расізм і ксенафобія, няхай і не былі сфармуліраваны, па факце існавалі тысячагоддзі і лічыліся нормай.

Сёння ў Еўропе ў якасці каланіяльнай спадчыны і выніка дзвюх сусветных войн ёсць некалькі цэнтраў прыцягнення сілы – рабочай, інтэлектуальнай і культурнай, куды сцякаюцца людзі розных перакананняў, веравызнанняў і памкненняў, і ў кожнага быццам бы ёсць выбар – захаваць сваю ідэнтычнасць або зліцца з “глабальным чалавейнікам”.

sinonimy_film_3.jpg

Ёав, герой “Сінонімаў”, прыязджае ў Парыж з усхода – геаграфічна, але з той яго часткі, якую прынята адносіць усё ж да цывілізацыі, заснаванай на прынцыпах заходніх. Тым не менш ён называе сваю радзіму, Ізраіль, дзяржавай “злой і мілітарысцкай” (у флэшбэках мы бачым яго армейскае мінулае) і імкнецца не проста інтэгравацца ў новае асяроддзе, а поўнасцю (амаль па Кастанэдзе!) сцерці асабістую гісторыю, ледзь не зноў нарадзіцца.

Воляй лёсу гэтае нараджэнне адбываецца ў абставінах, характэрных для любых народзінаў. Пакуль Ёав начуе ў пакінутай незачыненай парыжскай кватэры, усе яго нямногія рэчы знікаюць, і ён застаецца голым, самотным і замярзаючым, нібы дзіця, якое толькі пакінула нутробу маці. На гэтым гісторыя магла і скончыцца, але ад смерці выратоўваюць двое французаў, якія выпадкова знаходзяць беспрытомнага героя ў ванне. Эміль і Каралін -тыповыя героі французскіх фільмаў – ён вяла піша раман, яна грае на габоі, абодва, па ўсім відаць, жывуць на грошы бацькоў, а ў Ёаве хочуць знайсці натхненне і сюжэт (і ён нават “пазычыць” Эмілю гісторыі з уласнага мінулага).

syn2.jpg

Першы крок ператварэння з яўрэя ў француза Ёав бачыць у адмове ад іўрыта – бадай, адзінага, што ў яго застаецца. Замест мовы, дзе ўсё зразумела, ён вучыць новыя словы, ходзіць са слоўнікам па вуліцах і мастах праз Сену, але так і не знаходзіць месца ні для сінонімаў (“Ну, граматычна гэта правільна”, - усміхаецца Каралін чарговай спробе), ні для самога сябе. Мінулае наганяе героя адразу – праца для былога ізраільскага ваеннага знаходзіцца, вядома, у ахове ізраільскага пасольства, а паўсюль толькі тыя, на каго Ёав хоча быць падобным менш за ўсё. Так, адзін з калег напаказ выстаўляе сваё паходжанне, апранае кіпу ў метро і задзіраецца з кожным, хто, як яму падаецца, зняважліва паглядае на яўрэяў.

Зусім не тое, што чакаў Ёав, напаткае яго і на курсах “адаптацыі” для іншаземцаў. Толькі пазбавіўшыся адных рэгламентаў, ён аказваецца заціснутым у іншыя. “Нельга пытаць людзей пра іх этнічную прыналежнасць, веравызнанне, сексуальную арыентацыю” – і яшчэ з дзясятак правіл, якія павінен асвоіць кожны, хто прэтэндуе на грамадзянства Пятай рэспублікі. Ксенафобія стала моветонам, але ашалелая паліткарэктнасць – як белы колер: процілеглы чорнаму, а не ўся палітра. Так, геаграфічныя і моўныя межы сціраюцца, але нікуды не знікаюць сацыяльныя і толькі множацца - псіхалагічныя.

Ёав думаў, што ўцякае з горшай краіны ў найлепшую з магчымых, а зразумеў, што ў Францыі яго таксама падманваюць, тут свая хлусня, баязлівасць і шмат гвалту. Ізраіль і Францыя аказваюцца ў пэўным сэнсе сінонімамі. А чалавеку, асуджанаму быць вечна бяздомным у гэтым свеце, толькі і застаецца, што грукаць у зачыненыя дзверы.
syn3.jpeg
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: