Падзяліцца:
30 Чэрвеня 2017
3 ліпеня 2017 года Першы нацыянальны канал Беларускага радыё правядзе эфірную акцыю "Дзень Незалежнасці". Яе галоўнай асаблівасцю стане прамы рэпартаж з ваеннага парада і маладзёжнага шэсця "Будучыню Радзімы ствараць маладым". На працягу дня ў выпусках навін запланаваны прамыя ўключэнні са святочных пляцовак Мінска і абласцей краіны. Слухачам таксама будуць прапанаваны тэматычныя выпускі праграм, прысвечаныя бессмяротнаму подзвігу абаронцаў Айчыны, дасягненням сучаснай незалежнай Беларусі ў навуцы, тэхніцы, медыцыне, асваенні космасу, культуры і мастацтве. Святочны выпуск публіцыстычнага праекта "Галерэя" распавядзе пра знакамітых суайчыннікаў, адзначаных высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі. Спецыяльны выпуск праекта "Слаўся, зямлі нашай светлае імя!" прапануе літаратурна-музычную радыёкампазіцыю на вершы і песні аб Радзіме беларускіх аўтараў. Праграма заснавана на матэрыялах шматтысячнай акцыі, якая адбылася на плошчы Дзяржаўнага флага і стала фіналам аднайменнага музычна-патрыятычнага праекта-конкурсу. У святочных выпусках праграмы "Паэтычны эцюд" прагучаць вершы класікаў беларускай літаратуры, прысвечаныя роднай зямлі. Праект "Тэатр Беларускага радыё" прапануе радыёспектакль "Млечны Шлях" паводле аднайменнага рамана Кузьмы Чорнага. Гэта філасофскае разважанне пра лёс цывілізацыі, пра вечную барацьбу дабра і зла, у якой выяўляюцца лепшыя чалавечыя якасці. "Беларуская калекцыя" распавядзе аб адлюстраванні патрыятычнай тэматыкі ў творчасці беларускіх кампазітараў і выканаўцаў. Слухачоў чакаюць сустрэчы з творамі Уладзіміра Мулявіна, Эдуарда Зарыцкага, Леаніда Захлеўнага, паэта-франтавіка Міхаіла Ясеня. На працягу ўсяго радыёдня будуць гучаць святочныя канцэртныя праграмы "Мелодыі мінулых гадоў". У праграме "Вітаем, віншуем, жадаем!" жыхары краіны змогуць павіншаваць адно аднаго з галоўным святам беларускай дзяржаўнасці.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: