Падзяліцца:
Гомельскія вучоныя ацэньваюць рызыкі атрымання прадукцыі на забруджаных тэрыторыях (аўдыё)
26 красавіка 2017
Гомельскія вучоныя ацэньваюць рызыкі атрымання прадукцыі на забруджаных тэрыторыях (аўдыё) У Інстытуце радыялогіі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі распрацоўваюцца рэкамендацыі – як вырошчваць гародніну і займацца жывёлагадоўляй на тэрыторыях, пацярпелых ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Неабходнасць такой работы выклікана ў першую чаргу прыняццем адпаведнага тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза. Рызыкі і перспектывы ацаніла і наш карэспандэнт. Больш як 350 адселеных вёсак, 60 з якіх увогуле знесены і пахаваныя. Амаль двухразовае скарачэнне колькасці насельніцтва, якое жыве на забруджаных тэрыторыях, і жорсткія абмежаванні па вядзенні сельскагаспадарчай вытворчасці. Чарнобыльская катастрофа для Гомельскай вобласці стала сапраўднай трагедыяй. У Інстытуце радыялогіі вырашэннем праблем, якія ёсць на постчарнобыльскіх землях, займаюцца ўжо тры дзесяцігоддзі. За гэты час тут не толькі назапашаны значны вопыт, але і распрацаваны не адзін дзясятак рэкамендацый па бяспечным пражыванні. Апошнія шэсць гадоў у інстытуце развіваецца такі перспектыўны напрамак, як ацэнка рызык. Сёння вучоныя могуць спрагназаваць верагоднасць атрымання забруджанай прадукцыі на любой тэрыторыі. Улічваецца ўсё – ад кліматычных асаблівасцей да ўрадлівасці глебы. Асаблівую актуальнасць такія прагнозы набылі пасля прыняцця тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза, які вызначае дозы ўтрымання цэзія і стронцыя ў прадуктах харчавання. Згодна з гэтым дакументам, забруджанасць радыёнуклідамі мяса павінна быць зніжана ў два с паловай разы, а вырошчванне гародніны на некаторых тэрыторыях давядзецца ўвогуле выключыць, - адзначае навуковы супрацоўнік Інстытута радыялогіі МНС Алена Капыльцова: «У нас не нарміраваўся стронцый у гародніне. У тэхрэгламенце Мытнага саюза «Аб бяспецы харчовай прадукцыі» ёсць нарматыў – 40 Бк. І мы з дапамогай сваіх мадэляў для найбольш забруджаных паўднёвых раёнаў правялі такую работу і ацанілі рызыку атрымання прадукцыі. Ёсць землі, дзе немагчыма атрымаць (чыстую прадукцыю)». Разам з тым, аптымізму вучоныя не страчваюць і рэальна ацэньваюць сітуацыю. Толькі за тры апошнія гады ў рамках Саюзнай праграмы па ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы супрацоўнікі Інстытута радыялогіі яшчэ раз абследавалі каля 120 населеных пунктаў і амаль 50 тысяч гектараў зямель. Навукоўцы перакананы: з улікам распаду часткі радыёнуклідаў некаторыя пацярпелыя тэрыторыі можна вярнуць у гаспадарчы абарот. Атрымліваць прадукты харчавання на іх нельга, але вырошчваць корм для жывёлы можна ўжо сёння, лічыць намеснік дырэктара Інстытута радыялогіі Аляксандр Падаляк: «Землі, якія па ўзроўні глебавай урадлівасці маюць бал раллі менш за 15, - аддаваць іх у лясную гаспадарку і апрацоўваць, праводзіць пасадку розных лясных парод. Што ж тычыцца каля 20 тысяч гектараў зямель, то трэба разглядаць пытанне пра іх магчымае вяртанне ў сельскагаспадарчы абарот». Алеся Пярова, Гомель.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: