
Не бензінам адзіным: "Гомсельмаш" пачаў выпрабаванні новай мадэлі збожжаўборачнага камбайна, які працуе на газаматорным паліве. Тэхніка ўнікальная не толькі для Беларусі, але і для сусветнай практыкі: раней ніхто не выпускаў сельскагаспадарчую машыну на газавым паліве. Як праходзяць выпрабаванні, ці бяспечныя работы ва ўмовах жніва і якія перспектывы ў новай машыны? - даведалася наш карэспандэнт Настасся Кучынская.
Першы ў свеце камбайн на газавым паліве выйшаў на палеткі Гомельскага раёна. Сельскагаспадарчая машына новага пакалення, распрацаваная спецыялістамі «Гомсельмаша», зараз праходзіць палявыя выпрабаванні. Поўная назва - газаматорны збожжаўборачны камбайн "GS4118К Палессе". Ад праекта да паўнавартаснай машыны - адлегласць у год. І вось ужо камбайн робіць першыя намалоты. Да адпраўкі ў поле галоўным пытаннем было: як павядзе сябе механізм у суровых ўмовах жніва? Сёння ўжо ёсць першы адказ, - гаворыць вадзіцель-выпрабавальнік Віталь ГАПОНЕНКА:
- Мы ўжо тыдзень працуем з гэтым камбайнам. Па магутнасці ён нічым не саступае серыйнай тэхніцы. Кіраванне тое ж самае. Ніякіх нараканняў няма. Толькі ўстаноўлены рухавік на газавым абсталяванні.
Газ захоўваецца ў балонах з вугляпластыку. Канструктары кажуць: насуперак стэрэатыпам, такі камбайн больш бяспечны, чым звычайны. Для свету газаматорныя аўтамабілі - не навіна. Аднак, такой сельскагаспадарчай машыны раней ніхто не выпускаў. Гэты камбайн - адзіны. Пад белым капотам шэсць газавых балонаў, яшчэ два - замест паліўнага бака. У выніку - аб'ём на 450 кубічных метраў сціснутага газу. Гэтага хапае на адзін працоўны дзень без дазапраўкі.
Зараз ў рэгіёне ўсяго некалькі мабільных газазапраўшчыкаў. Для шырокага выкарыстання новых камбайнаў гэтага мала. Каб запоўніць прабел, патрэбна каля 15 гадоў. Мэта не з лёгкіх, аднак самі распрацоўшчыкі кажуць: гэта работа дзеля будучыні. Тым больш, адыход ад нафты і бензіну да альтэрнатыўных відаў паліва - агульнасусветная тэндэнцыя, адзначае генеральны канструктар навукова-тэхнічнага цэнтра камбайнабудавання «Гомсельмаша» Сяргей ФЕДАРОВІЧ:
- Чым цікавы газ? Па-першае, больш экалагічнае паліва. Выхлапы ніжэйшыя на 70% і гэта адпавядае патрабаванням, якія ў Еўрасаюзе ўвядуць толькі ў 2019 годзе. І другая перавага – сціснуты газ больш чым удвая танней за дызельнае паліва.
Да выпуску першай серыйнай партыі - некалькі гадоў. Шырокай прэзентацыі патэнцыяльным пакупнікам яшчэ не рабілі: пакуль усе выпрабаванні не завяршацца, пра гэта казаць рана. Аднак, ужо зараз распрацоўку актыўна падтрымлівае расійскі «Газпрам». Таму ў перспектыве галоўным замежным пакупніком стане менавіта Расія.