
Неўзабаве пачнецца актыўны турыстычны сезон. Асноўныя турыстычныя аб’екты Прынёмання ўжо рыхтуюцца да наплыву гасцей, у тым ліку замежных. З увядзеннем бязвізавага рэжыму ў Гродна і Гродзенскі раён ужо наведаліся больш за 5 тысяч турыстаў з розных краін. Найчасцей прыязджаюць літоўцы і палякі. Павялічылася апошнім часам і колькасць гасцей з Латвіі. Што прапануюць ім мясцовыя турфірмы? - высвятляла наш карэспандэнт Аксана Калагрыў.
З увядзеннем бязвізавага рэжыму ў Гродна і раён ахвотна паехалі замежныя госці. 5 тысяч 200 чалавек з розных краін свету ацанілі гасціннасць жыхароў Прынёмання. Да развіцця турыстычнага патэнцыялу рэгіёна прыцягнуты ўсе: ад тураператараў да прадстаўнікоў дзелавых колаў. Неабходна зацікавіць замежных турыстаў і выклікаць жаданне вяртацца сюды зноў і зноў. З увядзеннем бязвізавага рэжыму, гэта зрабіць магчыма. Перакананы кіраўнік прадпрыемства
Анатоль Грышук.
«Мы раней сустракаліся з людзьмі, якія да нас прыязджалі – партнёры, госці з Польшчы, з Літвы. Пытаемся: падабаецца ў нас? - Канечне! - А якія праблемы ёсць? Пытанне віз стаяла першым праблемным момантам. Зараз яно знята, усё цудоўна!»
Перад турыстычнай галіной Гродзенскага рэгіёну месяц таму адкрыліся і новыя перспектывы. У лютым уступіў у сілу Указ Прэзідэнта, які прадугледжвае магчымасць бязвізавага ўезду грамадзян 80 краін праз Нацыянальны аэрапорт “Мінск”. Сталічныя турфірмы пачалі актыўна вывучаць патэнцыял рэгіёнаў і фарміраваць новыя маршруты. Экскурсавод сталічнай турыстычнай кампаніі
Таццяна Яцкевіч упэўнена: прынёманскі край багаты на прывабныя турыстычныя аб’екты.
«Да нас на турфірму ўжо звярнуліся такія першыя ластаўкі, якія прыязджаюць у Нацыянальны аэрапорт. І цалкам рэальна прывезці сюды турыстаў з Мінска на гэтыя пяць дзён»
Адзін з маршрутаў, які зараз актыўна папулярызуюць турыстычныя кампаніі, – “Гродна – Каробчыцы”. Ён уваходзіць у склад двухдзённага тура і дазваляе ацаніць гасцям не толькі прыгажосць каралеўскага Гродна, але і непаўторны мясцовы народны каларыт. Па словах дырэктара гродзенскай турыстычнай фірмы
Аляксандра Усольцава, яны працягваюць удасканальваць свае маршруты.
«Мы праехалі ўжо дзясяткі фірмаў па Вільнюсе, па Каунасе, пакінулі шмат прапаноў. І прыходзяць ужо вельмі пазітыўныя водгукі з жаданнем прыехаць. Вось у суботу прымаем чарговую групу турыстаў. Пакажам цэнтр Гродна, стары горад».
Да слова, літоцы па-ранейшаму пераважаюць сярод турыстаў-замежнікаў, якія наведваюцца ў Прынёманскі рэгіён. У канцы сакавіка Гродна наведае група прадстаўнікоў асацыяцыі гідаў і экскурсаводаў з Літвы. Падобныя туры дапамагаюць фарміраваць пазітыўны імідж краю як найлепшага месца для турызму і адпачынку.