Падзяліцца:
«Імклівасць часу. Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)
24 снежня 2019
«Імклівасць часу. Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё) І зноў мы ставім ёлку, у чарговы раз рыхтуемся сустрэць Новы год… Здаецца, гэтыя 365 дзён праляцелі імгненна. Дый наогул, час неяк паскорыўся, стаў хутчэйшым яго бег, як там спявае Сафія Ратару: Всё быстрей… Мчится время всё быстрей. Время стрессов и страстей мчится всё быстрей… Сапраўды, час ўсё хутчэй рухаецца наперад ці нам гэта падаецца пры сучасным жыццёвым рытме? Давайце крыху паразважаем у гэты асаблівы перыяд змены года і звернемся да людзей дасведчаных. Навукоўцы з амерыканскага Універсітэта Дзьюка спецыяльна вывучалі гэты ўсім вядомы феномен: з цягам сталення практычна ў кожнага чалавека ўзнікае пачуццё, что час бяжыць усё імклівей. Даследчыкі высветлілі, што гэта пачуццё звязана з хуткасцю апрацоўкі інфармацыі мозгам і колькасцю візуальных вобразаў, якія ён успрымае. Дзеці, пазнаючы свет, зацікаўлены ўсімі дробязямі, іх мозг апрацоўвае вялікі аб’ём даных, на што патрэбна значная колькасць часу, таму і час для іх цячэ павольней. Малады ж чалавек менш увагі надае вонкавым праявам (яны ўжо яму знаёмыя), але яго мозг хутка ўспрымае і апрацоўвае таксама вялікую колькасць інфармацыі, таму і ствараецца тое ж уражанне, что час цячэ нетаропка. А вось у сталым узросце мозг больш павольна фіксуе новыя вобразы і інфармацыю, як бы адстаючы ад фактычнага часу, таму чалавеку падаецца, что свет вакол усё больш паскараецца. Гэтую гіпотэзу падзяляюць і многія нейрафізіёлагі. Прафесар біялагічнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ламаносава Аляксандр Каплан лічыць, што пытанне ўспрымання часу хутчэй псіхалагічнае, бо чалавек не можа аб’ектыўна адмяраць ход часу, калі не карыстаецца якім-небудзь хранометрам. І сумесныя вопыты са студэнтамі паказалі, што чым мацней мозг заняты апрацоўкай новай інфармацыі, тым суб’ектыўна павольней цячэ час. Гэту з’яву эксперыментальна даказаў і амерыканскі псіхолог Роберт Арнштэйн, ствараючы сваю тэорыю ўспрымання часу. Ён параўнаў мозг чалавека з камп’ютарам: для захавання ў памяці больш складанай інфармацыі неабходна больш месца, а для яе апрацоўкі — больш часу. Псіхааналітык Святлана Фёдарава, якая выкладае ў Вышэйшай школе эканомікі, гэты феномен паскарэння працягу часу наогул назвала часткай сталення кожнага чалавека, калі той пачынае дакладна ўсвядамляць, што такое мінулае, будучыня і сучаснасць. Але ж і сучасныя дзеці, бывае, таксама заўважаюць, што час ляціць вельмі хутка. І на гэта знайшлося тлумачэнне. Карыстаючыся кап’ютарам, інтэрнэтам, планшэтамі, іншымі гаджэтамі, дзеці зараз за кароткі прамежак часу атрымліваюць вялікую колькасць інфармацыі і, не маючы вопыту кіраваць сваёй увагай, яны неўсвядомлена паглынаюць адначасова карысныя і непатрэбныя звесткі. І чым больш такой рознастайнай інфармацыі атрымлівае малое за пэўны адрэзак часу, тым хутчэй гэты час для яго і працякае. Такім чынам, хуткацечнасць часу залежыць ад таго, наколькі шмат і як хутка інфармацыі трапляе у поле нашай ўвагі. А трапляе вельмі-вельмі шмат. Уявіце: толькі у дзень чалавецтва выпрацоўвае 2,5 квінцільёны байтаў інфармацыі! Гэта лічба с 18 нулямі! Але звернемся далей да спецыялістаў. Антраполаг Марына Бутоўская падкрэслівае, што час, яго ход залежыць ад узроўню культуры таго ці іншага грамадства. І прыводзіць такі прыклад: для традыцыйных жывёлаводаў Танзаніі не існуе ні даты нараджэння чалавека па якім-небудзь календары, ні дакладнага часу якой-небудзь сустрэчы, там будзе прывязка да прыродных з’яў: калі, напрыклад, пачаліся дажджы ці схавалася сонца. Дарэчы, уяўленне пра дакладнасць часу рознае і ў цывілізаваных краінах. У Лацінскай Амерыцы ці на Блізкім Усходзе спазненне на гадзіну-паўтары — тыповая з’ява, а вось у Германіі ці Швецыі спазненне нават на некалькі хвілін будзе лічыцца «моветон». А філасофскія разважанні аб хуткаплыннасці часу самі па сабе не прыводзяць да канчатковага адказу. Арыстоцель сцвярджаў, што сярод невядомага ў прыродзе самым невядомым з'яўляецца час, бо ніхто не ведае, што гэта такое і як ім кіраваць. Сучасныя філосафы больш прагматычныя. Навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі Расійскай акадэміі навук Алег Арансон лічыць, што мы занадта давяраем аб’ектыўнаму падліку часу, календарам, гадзіннікам, розным хранометрам. Бо, як вядома, асноўная функцыя часу — храналагічнае адсочваенне падзей. І, як сцвярджаюць фізікі, той жа Альберт Эйнштэйн, няма абсалютнага часу, ён залежыць ад той сістэмы адліку, якая прынята на дадзены момант. Зямныя суткі — 365 дзён, а марсіянскія — амаль 689 зямных. Ну а калі ўзгадаць тэорыю адноснасці таго ж Эйнштэйна, то пры палёце з хуткасцю святла час запольвае свой бег. Сёння з такой хуткасцю ніхто не лятае, але запаволіць час можна. Дастаткова сесці ў самалёт і паляцець на захад, дзе дзень яшчэ не наступіў. А можна нават сустрэць Новы год 24 разы, па колькасці гадзінных поясоў. Творчыя людзі таксама аддалі даніну павагі часу. Дастаткова ўзгадаць вядомую карціну Сальвадора Далі «Пастаянства памяці» ці яго незвычайныя па форме гадзіннікі з бронзы. Гэтыя «мяккія гадзіннікі» — сімвал нелінейнага суб’ектыўнага часу, які адвольна запаўняе прастору, дэманструючы іх непарыўнную сувязь. Пісьменнік і публіцыст Леанід Жухавіцкі ў сваім рамане «Спыніцца, азірнуцца» раіць і пры імклівым бегу часу знаходзіць хвіліны, каб сапраўды спыніцца і многае асэнсаваць. Каб зазірнуць у глыбіні сваёй душы і вочы блізкіх, прааналізваць свае ўчынкі і даць ацэнку іншым падзеям, зрабіць важныя высновы і акрэсліць планы. Можа, для гэтага і існуе той эфемерны час, які мы называем пераднавагоддзе? Калі нават у мітусні святочных спраў мы не-не, дый спынімся на імгненне, узгадаем лепшыя моманты адыходзячага года і… зноўку крочым у год новы. У нагу з часам. Я так думаю, а вы?
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: