Інфармацыйны прэс-цэнтр ЦВК будзе працаваць у Малой зале Палаца Рэспублікі з 24 па 26 лютага ўключна. 24 лютага ён пачне работу з вялікай прэс-канферэнцыі старшыні ЦВК для СМІ і міжнародных наглядальнікаў. Аб гэтым на палях X Форуму маладых журналістаў "Журналістыка сёння: тэрыторыя адказнасці", які адбыўся 15 снежня ў сталіцы, заявіў старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Ігар Карпенка.
Было адзначана, што СМІ з'яўляюцца актыўнымі суб'ектамі выбарчага працэсу і не толькі таму, што медыя асвятляюць выбарчы працэс, але і таму, што выкарыстоўваюцца кандыдатамі для бясплатных публікацый сваіх праграм, выступленняў на радыё і тэлебачанні.
"Прадастаўленне роўных магчымасцей для ўсіх кандыдатаў у дэпутаты - немалаважны фактар. Менавіта таму мы актыўна выкарыстоўваем магчымасці медыя ў самых розных фарматах: запускаем анлайн-трансляцыі пасяджэння ЦВК, бесперапынна актуалізуем свой сайт, размяшчаючы там свае пастановы і рэкамендацыі. Удзельнічаем мы і ў навучанні маладых журналістаў: на базе ЦВК прайшоў шэраг семінараў і мы гатовы прадаўжаць гэту работу ў перыяд усяго выбарчага цыкла, аж да выбараў Прэзідэнта ў 2025 годзе", - расказаў аб узаемадзеянні выбарчай камісіі з медыяпрасторай Ігар Карпенка.
Ён запэўніў, што выбарчая камісія прадоўжыць актыўна супрацоўнічаць са СМІ ў электаральны перыяд у фармаце прэс-падыходаў, прэс-канферэнцый, іншых спосабаў атрымання адказаў на самыя актуальныя пытанні выбаршчыкаў і журналістаў. Ігар Карпенка ў тым ліку ўдакладніў, што інфармацыйны прэс-цэнтр ЦВК пачне работу 24 лютага з вялікай прэс-канферэнцыі для СМІ і міжнародных наглядальнікаў, дзе будзе расказана, як рыхтавалася кампанія і якія прымаліся меры для таго, каб яна прайшла на высокім арганізацыйным узроўні ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.
БЕЛТА