Падзяліцца:
29 снежня 2015
З 31 снежня 2015 года па 3 студзеня 2016 года Першы нацыянальны канал Беларускага радыё правядзе інтэрактыўны віншавальны марафон. У ім возьмуць удзел вядомыя ў краіне людзі - палітыкі, дзеячы культуры і мастацтва, спартсмены, зоркі беларускай эстрады. Да марафону змогуць далучыцца ўсе слухачы канала. Для таго, каб стаць яго ўдзельнікам, трэба будзе толькі адправіць навагодняе SMS-паведамленне на кароткі нумар 1062 і дачакацца агучвання свайго віншавальнага паслання ў эфіры святочных выпускаў праграмы "Вітаем, віншуем, жадаем".

На працягу эфірнай акцыі будзе праходзіць сімвалічная перадача эстафеты ад Года моладзі Году культуры, якім аб'яўлены ў Беларусі 2016-ты. Год моладзі будуць прадстаўляць лаўрэаты V Рэспубліканскага творчага радыёконкурсу "Маладыя таленты Беларусі», а таксама прадстаўнікі моладзевых грамадскіх арганізацый краіны. Яны раскажуць пра свае галоўныя дасягненні ў адыходзячым годзе.

Якім бачыцца надыходзячы год, раскажуць прадстаўнікі творчых колаў Беларусі - літаратары, драматургі, музыканты, мастакі, скульптары, навукоўцы, педагогі, артысты эстрады, тэатра, кіно і многія іншыя, хто адносіць сябе да культурнай сферы. Менавіта яны стануць галоўнымі героямі рэпартажаў, інтэрв'ю, дыскусій, круглых сталоў, якія будуць гучаць на працягу 2016 года ў нацыянальным радыёэфіры.

Аднак журналісты галоўнага радыёканала краіны ў Год культуры не абмяжуюцца толькі тэмай творчасці. Плануецца больш шырокая тэматыка радыёперадач - гэта і пытанні фарміравання культуры вытворчасці і земляробства, сямейных адносін і побыту, экалогіі і дарожнага руху, маўлення і г.д.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: