Падзяліцца:
ИНТЕРВЬЮ: Сергей Рачков о приоритетах председательства Беларуси в ОДКБ
11 студзеня 2023
ИНТЕРВЬЮ: Сергей Рачков о приоритетах председательства Беларуси в ОДКБ

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Рачкоў падкрэсліў, што разбурэнне глабальнай архітэктуры бяспекі – гэта складнік сістэмнага крызісу міжнародных адносін. Аб прыярытэтах старшынства нашай краіны ў АДКБ Сяргей Рачкоў расказаў у інтэрв'ю Беларускаму радыё

Небяспечныя тэндэнцыі, якія не спрыяюць захаванню міру

«Мы бачым, як краіны Захаду, перш за ўсё ЗША, не выконваюць асобныя міжнародныя і двухбаковыя пагадненні ў сферы кантролю за ўзбраеннямі. НАТО пашыраецца, прымае новых членаў у свой склад. Гэта вельмі небяспечныя тэндэнцыі, якія не спрыяюць умацаванню і захаванню як глабальнага, так і рэгіянальнага міру, – падкрэсліў Сяргей Рачкоў. – Таму Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка цалкам справядліва сказаў (на пасяджэнні Савета калектыўнай бяспекі АДКБ у Ерэване ў снежні 2022 года – заўв.) аб тым, што неабходна ўмацоўваць ваенны складнік АДКБ».

На думку сенатара, сёння неабходна гаварыць аб каардынацыі дзеянняў дзяржаў-членак АДКБ у ваеннай сферы, пашырэнні ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва: «Не сакрэт, што, як на заходняй граніцы Рэспублікі Беларусь, так ужо і на паўднёвай, ідзе ўзмацненне ваенных груповак. Вядома, на заходнім напрамку – гэта перш за ўсё групоўкі НАТО. Паўднёвая граніца мяжуе з Украінай, дзе ідзе вельмі сур'ёзны канфлікт з Расійскай Федэрацыяй».

Гаворачы аб магчымасці з'яўлення новых рэгіянальных канфліктаў, Сяргей Рачкоў адзначыў, што, хутчэй за ўсё, будуць абвастрацца так званыя «замарожаныя» канфлікты. «Цяпер канфлікт паміж Украінай і Расіяй фактычна знаходзіцца ў вострай стадыі. Можна адзначыць канфлікт паміж Азербайджанам і Арменіяй па Нагорным Карабаху, ёсць тэрытарыяльныя пытанні ў Таджыкістана і Кыргызстана, мы павінны ўзгадаць і Прыднястроўе, канфлікт паміж Грузіяй і Абхазіяй, Паўднёвай Асеціяй. Вядома, ёсць і канфлікты ў іншых рэгіёнах і частках свету», – акцэнтаваў Сяргей Рачкоў. Сенатар звярнуў увагу, што з пералічаных – пяць канфліктаў знаходзяцца ў зоне адказнасці АДКБ.

Сяргей Рачкоў упэўнены, што калектыўны Захад у той ці іншай сітуацыі, з улікам уласных геастратэгічных інтарэсаў, будзе спрабаваць абвастраць той ці іншы канфлікт для таго, каб вырашаць уласныя задачы: «Як мы бачым, прыярытэтная задача – гэта стрымаць Расію, выкарыстоўваць Украіну і, на жаль, украінскі народ у гэтым ваенным супрацьстаянні».

Сенатар звярнуў увагу на тое, што зараз ідзе інфармацыйная і эканамічная вайна. «Вельмі сур'ёзная праява сучаснага супрацьстаяння, – сказаў Сяргей Рачкоў. – Наўрад ці мы ўбачым тое, што перажылі бацькі, дзяды і прадзеды. Але фактычна формы ваеннага супрацьстаяння ў галіне эканомікі, палітыкі, дыпламатыі – выразна бачныя».

Што дасць АДКБ фарміраванне сеткі нацыянальных інстытутаў стратэгічных даследаванняў?

Парламентарый адзначыў, што фарміраванне такой сеткі – адзін з прыярытэтаў старшынства Рэспублікі Беларусь у АДКБ сёлета, аб якім Прэзідэнт казаў яшчэ ў маі 2022 года. «На мой погляд, справядлівая і актуальная задача. Мы бачым наколькі ўскладняюцца сучасныя выклікі і пагрозы, і прагнастычная работа выключна важная, неабходна, каб краіны АДКБ каардынавалі сваю дзейнасць у гэтай сферы, развівалі сумеснае стратэгічнае планаванне, – лічыць Сяргей Рачкоў. – Дарэчы, Аляксандр Рыгоравіч прапанаваў правесці сустрэчу кіраўнікоў нацыянальных аналітычных інстытутаў стратэгічных даследаванняў у Рэспубліцы Беларусь у 2023 годзе – вельмі цікавая і своечасовая прапанова».

«Важна падкрэсліць, што мы гаворым не толькі аб прагнастычнай рабоце, але таксама аб медыйным пазіцыянаванні АДКБ. Важна выходзіць на міжнародны ўзровень інфармавання аб дзейнасці арганізацыі для таго, каб апярэдзіць нейкія невысакародныя намеры нашых апанентаў. Мы бачым як НАТО, спецслужбы краін Захаду развіваюць інфармацыйна-псіхалагічныя аперацыі. Тут мы павінны вельмі выразна каардынаваць нашу дзейнасць», – канстатаваў Сяргей Рачкоў.

АДКБ – ваенна-палітычны альянс

Сяргей Рачкоў нагадаў, што Арганізацыя Дагавора аб калектыўнай бяспецы – гэта не толькі ваенны, але і палітычны альянс. На думку сенатара, сёння неабходна ўдасканальваць і павышаць якасць антыкрызісных механізмаў. «А што такое антыкрызісныя механізмы? Гэта як раз палітычная работа, работа Парламенцкай асамблеі АДКБ, – у якасці прыкладу Сяргей Рачкоў прывёў работу камісіі па палітычных пытаннях і міжнародных справах ПА АДКБ, у склад якой уваходзіць сенатар. – Мы абмяркоўваем абсалютна ўвесь спектр тэм, звязаных з інтарэсамі АДКБ у зонах адказнасці, заслухоўваем розныя прапановы, разглядаем мадэльныя заканадаўчыя акты, якія дазваляюць умацаваць палітычны і ваенны складнік нашай арганізацыі».

Адказваючы на ўдакладняючае пытанне аб супрацоўніцтве з Парламенцкай асамблеяй АБСЕ, Сяргей Рачкоў падкрэсліў, што ёсць фармат, калі перад пасяджэннямі збіраюцца краіны-ўдзельніцы ПА АДКБ і абмяркоўваюць будучы парадак дня, дамаўляюцца аб каардынацыі сваіх дзеянняў у рамках таго ці іншага мерапрыемства Парламенцкай асамблеі АБСЕ.

«Хачу сказаць, што, канечне, дамаўляцца – гэта адзін з важных прынцыпаў дыпламатыі. Пагаджуся з тым, што ў апошнія гады сапраўды аб дыпламатыі сусветныя палітыкі, перш за ўсё, палітыкі краін Захаду, пачалі забываць і ў ход у большай ступені ідуць метады агрэсіўныя, сілавыя, а гэта контрпрадукцыйна», – рэзюмаваў сенатар.

Сяргей Рачкоў звярнуў увагу, што ўсё больш і больш краін не згодныя з гегемоніяй калектыўнага Захаду, фарміруюцца рэгіянальныя аб'яднанні, пашыраецца ШАС, БРІКС, ЕАЭС, АДКБ. «У гэтым свеце ёсць у тым ліку і іншыя сілы, разважныя, якія арыентаваны на стварэнне і супрацоўніцтва. І, дарэчы, дэвіз нашага старшынства ў 2023 годзе ў АДКБ – "праз салідарнасць і супрацоўніцтва да міру і бяспекі"», – сказаў Сяргей Рачкоў.

Год міру і стварэння на фоне міжнароднай турбулентнасці

«Тэма міру і стварэння вельмі падыходзіць Рэспубліцы Беларусь і нам, беларусам. Мы – мірная нацыя, мы заўсёды былі настроены на мір і на стваральную працу. Можа быць, гэта сапраўды і ёсць пэўны адказ тым нашым нядобразычліўцам і апанентам, якія разглядаюць сілавыя і агрэсіўныя метады ўзаемадзеяння з іншымі краінамі», – сказаў Сяргей Рачкоў.

На думку сенатара, беларускім адказам на мілітарызацыю рэгіёна стане мірная праца: «Будзем развіваць сваю эканоміку, будзем супрацоўнічаць з тымі, хто зацікаўлены ва ўзаемадзеянні з нашай краінай і адначасова ўмацоўваць нашу ваенна-палітычную арганізацыю АДКБ для таго, каб тыя, хто мае нейкія задумы або намеры, ведалі, што яны атрымаюць адпор».
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: