Тэма Вялікай Айчыннай вайны ў беларускай літаратуры – гэта, можна сказаць, асобны кантынент, на якім мы знойдзем імёны вельмі многіх пісьменнікаў. Шмат твораў, народжаных у другой палове ХХ стагоддзя, так ці інакш звязаны з вайной. Нездарма беларускую літаратуру часам называлі ваеннай літаратурай. У гэтым была праўда нашага жыцця.
У фондах Беларускага радыё захоўваюцца сотні спектаклей і пастановак, зробленых паводле мастацкіх твораў пра Вялікую Айчынную вайну. Тут можна назваць такія вядомыя імёны ў літаратуры, як Іван Мележ, Іван Шамякін, Васіль Быкаў, Кастусь Губарэвіч, Аркадзь Маўзон, Андрэй Макаёнак, Іван Чыгрынаў, Міхась Стральцоў, Аляксей Дудараў ды іншыя. У кожнага з іх – свой мастацкі спосаб адлюстравання тых трагічных падзей ХХ стагоддзя, але адна праўда пра Вялікую Перамогу, якая забрала кожнага трэцяга беларуса…
4, 5 і 6 мая ў “Тэатры Беларускага радыё” слухайце радыёкампазіцыю ў трох частках спектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы “Радавыя” па аднайменнай п’есе драматурга Аляксея Дударава. Рэжысёр Валерый Раеўскі, музыка кампазітара Алега Янчанкі. У галоўных ролях: старшына Дугін – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Дзянісаў, Пятро Дзерваед – народны артыст Беларусі Валерый Філатаў, Лёнька-Адуванчык – народны артыст Беларусі Віктар Манаеў, Сяргей Бушцец – заслужаны артыст Беларусі Генадзь Давыдзька, Мацвей Салянік – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Падабед. Год запісу – 1985-я.
7, 8 і 9 мая адбудзецца прэм’ера радыёспектакля у трох частках “…І няма шляху чужога” паводле аднайменнай аповесці лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі пісьменніка Уладзіміра Саламахі.
Дзеянне адбываецца ў апошні год Вялікай Айчыннай вайны. У аснове аповесці – трагічны лёс старога чалавека Іосіфа Кучынскага са спаленай карнікамі беларускай вёскі Гуда, якому наканаваны шлях ізгоя, таму што ён – бацька паліцая. Абставіны ваеннага часу фарміруюць складаныя супярэчлівыя адносіны галоўнага героя з яго аднавяскоўцамі, але надзея на разуменне і дараванне павінна заставацца.
Яшчэ адна праўда пра тую -- для многіх сёння ўжо далёкую вайну. Але трагедыя якой не зменшылася, і на адлегласці дзесяцігоддзяў працягвае сцвярджаць ісціну чалавечага ў чалавеку, адказнасці аднаго перад цэлым светам.
Творчая група: рэжысёр Алег Вінярскі, гукарэжысёр Валерый Бяляеў, рэдактар і кіраўнік праекта Галіна Шаблінская.
Ролі выконваюць: народны артыст СССР Генадзь Аўсяннікаў, народныя артысты Беларусі Сяргей Журавель, Арнольд Памазан, Мікалай Кірычэнка, Марыя Захарэвіч, заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Алена Сідарава, Уладзімір Мішчанчук і Леанід Улашчанка, артысты Андрэй Кавальчук, Віктар Молчан, Ірына Рымарава, Андрэй Каралевіч, Павел Церахаў.