
Без чаго немагчыма сабе ўявіць сучаснае радыё? Канечне, без музыкі. Яна ж стала адной з асноў і Беларускага радыё практычна з першых дзён яго работы. У 1928-ым годзе музычнае вяшчанне станцыі ўзначаліў кампазітар Ісаак Любан. Гэтай пазней ён праславіцца як аўтар музыкі да знакамітай песні "Бывайце здаровы, жывіце багата...", а на той час новаму кіраўніку было ўсяго 22 гады.
Адной з цікавых форм, якую прапанавалі слухачам, сталі канцэрты ў прамым эфіры. Спачатку трансляцыі ішлі з Дзяржаўнага драматычнага тэатра (зараз гэта Купалаўскі тэатр). А ў 1934-ым радыётэатр адкрылі ў клубе харчавікоў, на вуліцы Інтэрнацыянальнай - зараз там знаходзіцца сталічны кінатэатр "Перамога".
Студыю абсталявалі ў актавай зале. Гэта быў самы звычайны тэатр: гледачы займалі месцы згодна з набытымі квіткамі. Адзінае, што перад пачаткам выступлення іх прасілі не кашляць занадта гучна. Дыктары вялі канцэрты проста на сцэне. Да таго часу ў радыё ўжо быў свой, першы ў краіне, сімфанічны аркестр. Так шэдэўры сусветнай музычнай культуры станавіліся даступныя ўсім жыхарам БССР. А гасцямі клуба былі не толькі савецкія артысты, але і еўрапейскія знакамітасці, якія прыязджалі ў Мінск.
Па матэрыялах кнігі І.Куркова «Свет жывога эфіру».
На фота: кампазітар Ісаак Любан (ілюстрацыя Беларускага дзяржаўнага архіва-музею літаратуры і мастацтва)