Падзяліцца:
Камунальныя пакуты грамадзян
19 Красавіка 2017
Камунальныя пакуты грамадзян Работа сістэмы жыллёва-камунальнай гаспадаркі заўсёды пад пільнай увагай і ўлады, і саміх грамадзян. Зараз ідуць актыўныя кансультацыі па рэфармаванні галіны – ад аднаўлення абсталявання, эканоміі рэсурсаў да змянення падыходаў ў рабоце з жыхарамі дамоў. Мінчане, напрыклад, па пытаннях работы ЖКГ часцей за ўсё звяртаюцца ў мясцовыя органы ўлады. Наталля Сцёпачкіна - пра камунальныя пакуты грамадзян. Гараджане скардзяцца: часта ёсць фармальны падыход да вырашэння іх праблем, часам не выконваюць абяцанае. Адсюль і паўторныя скаргі. У Мінгарвыканкаме паведамілі: недапрацоўкі на першасным узроўні прыводзяць да павелічэння паўторных зваротаў, што асабліва актуальна для Фрунзенскага, Маскоўскага, Першамайскага, Савецкага раёнаў. Заўважны і рост калектыўных зваротаў. Пры гэтым мінчане сталі больш актыўна карыстацца электроннай формай падачы зваротаў. Выкарыстоўваюць людзі магчымасці прамых тэлефонных ліній, у прыватнасці, Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё. Так, на наш студыйны тэлефон падчас прамога эфіру, які датычыўся работы камунальных службаў, дазванілася Тамара Іосіфаўна Стыдзель. Яна жыве ў Мінску па вуліцы Лесі Украінкі, дом 12, корпус 1. Пры сустрэчы расказала, што ужо чатыры гады вядзе барацьбу з мясцовымі камунальнікамі адносна ацяплення ў кватэры. «Я звярталася ў ЖРЭА, ЖЭС, у выканкам з нагоды таго, што ў мяне дрэнна ацяпляецца кухонны стаяк. У пакоі батарэя гарачая, а ў кухні значна халаднейшая. Вокны ў мяне уцеплены, цяпло не сыходзіць на вуліцу. Я з 2012 года спрабую даведацца, чаму так адбываецца! Да 2012 года такога не было. Пры гэтым сярэдняя тэмпература па кватэры лічыцца нармальная - дзесьці 18, дзесьці нават 20 градусаў, у пакоі». Тыповая сітуацыя, і характэрная для, скажам так, немаладога жылога сектара. Дамы гэтыя пабудаваныя каля 30 гадоў таму, і маюць так званую вертыкальную ацяпляльную сістэму, таму і ёсць пэўная розніца тэмператур у памяшканнях кватэры, - тлумачыць дырэктар жыллёва-экслуатацыйнага ўпраўлення №4 Цэнтральнага раёна Мінска Аляксей Батура. Па словах спецыяліста, усё што можна рабіць для якаснай работы сістэмы – камунальныя службы робяць. Тым больш, што так званы сацыяльны стандарт у кватэры выконваецца. «У нас кожны год праходзіць падрыхтоўка да асенне-зімовага перыяду. Мы праводзім апрэсоўкі, гідрапрамыўкі трубаправодаў. Таму я выключаю факт, што трубаправоды могуць не працаваць. Ці зменіць сітуацыю капрамонт? Пры такім рамонце праводзяць мадэрнізацыю і ўстанаўліваюць тут аўтаматыку». Патлумачу: аўтаматычнае рэгуляванне сістэмы дазволіць мінімізаваць непрадугледжаныя страты цеплаэнергіі. Да таго ж, ёсць надзея, што і плаціць жыхары будуць менш, і толькі за сапраўды ужытую, а не страчаную недзе па вертыкалі ці гарызанталі энергію. Аднак, новых тэхналогій жыхары гэтага 18-ціпад'езднага дома па Лесі Украінкі могуць дачакацца толькі пасля капітальнага рамонту, а гэта значыць не хутка.… Затое жыхары дома №146 па вуліцы Убарэвіча ў Мінску, верагодна, дачакаюцца капітальнага рамонту ў 2019-м годзе. Гэта пакуль найбольш рэальны тэрмін. А дому ўжо 47 гадоў, скардзіцца яго жыхарка Ніна Паўлаўна Рамановіч. «Кааператыўны дом заселены ў 1970 годзе. З моманту засялення і да сённяшняга дня ў нас не было ніводнага капітальнага рамонту. Хоць на сходзе, калі засяляліся, вырашылі збіраць па 5 рублёў (на той час савецкімі грашыма) з кожнай кватэры. Трубы ўсе згнілі, звяртаемся ў ЖЭС №75, яны нават не рэагуюць. Абяцалі кампрамонт праз 20 гадоў – гэта ў 1990-м, потым у 2002, у 2012, абяцалі ў 2015...» Растлумачыць сітуацыю я папрасіла галоўнага інжынера жыллёва-камунальнай гаспадаркі Заводскога раёна сталіцы Уладзіміра Лебедзя. «Налічэнне за паслугу «капітальны рамонт» адбываецца з верасня 1999 года ў памеры 50% ад сумы, налічанай за тэхнічнае абслугоўванне. Згодна з пастановай Савета міністраў, з 1 лютага 2003 года налічэнне за паслугу «капітальны рамонт» адбываецца ў памеры 100% ад сумы, налічанай за тэхнічнае абслугоўванне. На сёння адлічэнні на капітальны рамонт – гэта тарыф, які субсідзіруецца, - 0, 088 рубля за квадратны метр. Калі скласці ўсе грошы, якія людзі назапашвалі б з 1999 года, то іх усё роўна не хапіла б на капрамонт – магчыма, толькі на праектныя работы. - А на гэты канкрэтны дом якая сума на сёння неабходная? - Гранічна дапушчальны тарыф – 150-160 рублёў за квадратны метр на капрамонт. Гэты жылы дом прыкладна 11 000 квадратных метраў (плошча, што абслугоўваецца). Атрымліваецца, каля мільёна 760 тысяч рублёў у новых грошах. - А якія тэрміны для капітальнага рамонту прадугледжаны пры эксплуатацыі дома? - Каля 45 гадоў. - Ільвіная доля затрат кладзецца на плечы дзяржавы. А якая доля насельніцтва ў гэтым капрамонце, нават пры пастаяннай 100%-ай аплаце? - Працэнтаў 25-30. На запланаваны капрамонт гэтага дома – прыкладна сума ўсіх адлічэнняў жыхароў Заводскага раёна». Арыфметыка цікавая, канечне, але я, як і многія, не пагаджуся з ёй. Зразумела, што кампенсаваць выплатамі грамадзян на капітальны рамонт на працягу года, двух або нават пяці правядзенне гэтага самага рамонту сёння немагчыма. Аднак плацім мы па гэтым артыкуле афіцыйна ўжо больш за 15 гадоў. А за гэты час кожны дом мог зарабіць сабе на капітальны рамонт. Дарэчы, як адзначаюць у Камітэце дзяржаўнага кантролю, часта людзі незадаволены якасцю капітальнага рамонту. Вось і атрымліваецца: гадамі адлічалі грошы, чакалі рамонту, дачакаліся (і паўгода жылі як на вайне) - а ў выніку не новыя тэхналогіі, а зноў старыя праблемы. А чарговага рамонту, бадай, не дачакацца ўжо…
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: