Падзяліцца:
Каны-2019: Кінафестываль або рэжысёрскі капуснік? Кропкі над “і”. Радыёблог Аляксандра Шустэра
17 Мая 2019
Каны-2019: Кінафестываль або рэжысёрскі капуснік? Кропкі над “і”. Радыёблог Аляксандра Шустэра

Пакуль кінатэатры па ўсім свеце зарабляюць гадавы прыбытак з апошнім кінакоміксам ад “Марвэл”, у Канах паказваюць фільмы, што не прэтэндуюць на вялікую касу, але штогод трапляюць у “топы” розных часопісаў і інтэрнэт-рэсурсаў. Мне пакуль не даводзілася быць на набярэжнай Круазет. Дабрацца на Блакітны бераг сёння можна даволі танна, але нумар у самым непатрабавальным атэлі абыходзіцца ў тысячу долараў, а каб трапіць на паказы, трэба гадзіны праводзіць у чэргах і тое без гарантыі ўбачыць стужку, якая выклікае хоць які-небудзь розгалас. Так што я зусім не ўпэўнены, што аўчынка вартая вырабу.

У адрозненне ад максімальна адкрытага для простых людзей Берліна, Канскі кінафестываль пазіцыяніруецца як “тусоўка для сваіх”, гэта значыць – толькі для тых, хто мае дачыненне да вытворчасці або пракату фільмаў. Нават крытыкаў адсоўваюць усё далей: ладзяць прэс-паказы толькі пасля афіцыйнай прэм’еры і абмяжоўваюць рамкамі эмбарга – каб не дай Бог не сапсаваць настрой якому-небудзь Шону Пэну, якога па дарозе на чырвоную дарожку чорт дзёрне зазірнуць у Твітар.

Між тым сама праграма асноўнага конкурсу робіцца ўсё больш прадказальнай. Такое адчуванне, што адборшчыкі часам нават не глядзяць фільмы – проста ёсць “канскі пул”, з якога раз у некалькі гадоў выцягваюць пэўныя імёны. Калі ўлічыць, што звычайна такія аўтары выпускаюць карціну раз на 2-3 гады, то нават адны і тыя ж удзельнікі сустракаюцца адзін з адным з зайздроснай рэгулярнасцю, быццам на савецкім навагоднім капусніку. Як пажартаваў пасля ўручэння Залатой пальмавай галіны-2015 Жак Адзіяр – яму проста пашанцавала, што Міхаэль Ханэке на гэты раз не паспеў скончыць свой новы фільм да фестывалю. Да гэтага француз трапляў у конкурс акурат у тыя ж гады, што і аўстрыец, і апошні перамагаў спачатку з “Белай стужкай”, а потым з “Каханнем”.

Што мы бачым сёлета?.. У асноўнай праграме – асобы, што навідавоку ўжо чвэрць стагоддзя, а хто і больш. Джым Джармуш, Кен Лоуч, Пэдра Альмадовар, Тэрэнс Малік, браты Дардэн, Квенцін Таранціна, можна дадаць сюды і Ксаўе Далана, які ў свае 30 зняў ужо 8 фільмаў і амаль усе змагаліся ў Канах за галоўны прыз. Магчыма, час сфарміраваць свайго роду “вышэйшую лігу”? Ну хочаце вы ўбачыць зорак на чырвонай дарожцы – запрашайце, але навошта ў конкурс?.. Я не думаю, што яшчэ адна Залатая пальмавая галіна неяк узрушыць пустэльніка Маліка, або ўзніме на нейкія новыя вышыні аўтарытэт Таранціна, або зробіць лепшымі ў свеце Дардэнаў ці Лоуча, якія могуць стаць першымі трохразовымі лаўрэатамі. А вось падмачыць рэпутацыю, ці, прынамсі, зрабіць няёмка за любімага рэжысёра, як гэта ўжо адбылося з Джармушам – зусім нярэдкі выпадак. Як, на жаль, і ўзнагароджанне па сукупнасці заслуг. Той жа Кен Лоуч – бліскучы рэжысёр, але, на маю думку, і “Вецер, што калыша верас” (калі ў конкурсе была на тую ж тэму, аднак куды танчэйшая “Фландрыя” Бруно Дзюмона), і тым больш “Я, Дэніэл Блэйк” (якому аддалі перавагу перад “Тоні Эрдманам” – магчыма, лепшым фільмам дзесяцігоддзя) не такія прыгожыя і непасрэдныя як “Мілыя 16” або “Доля анёлаў”. І больш заслугоўвалі, скажам, прыза ў Берліне, дзе эстэтычны крытэрый відавочна саступае этычнаму.

Не дадае вістоў фестывалю, які прэтэндуе на абсалютнае вяршэнства, і закаранелы кансерватызм. Калегі з буйнейшага расійскага кінасайта ўзгадваюць, як яшчэ 10 гадоў таму Каны адмаўлялі ў акрэдытацыі электронным СМІ. Сёння на парадку дня – вайна са стрымінгавымі сэрвісамі, з-за якой агляд пазбавіўся летась той жа “Ромы”. Справа, аднак, не столькі ў ідэі, колькі ў грошах. Не сакрэт, што Канскі кінафестываль – гэта бізнес-праект французскага кінапракату. Галінка на афішы няхай і не залатая, а проста за ўдзел у паралельнай праграме, ніколі не лішняя і гарантуе пэўны плюс у касу. З гэтага пункту гледжання ўсё зразумела: навошта піярыць фільмы, на якіх нельга зарабіць?

Беларускім жа кінааматарам, не распешчаным багаццем аўтарскага кіно на вялікіх экранах і стомленым засіллем “Мсціўцаў”, застаецца чакаць не столькі вынікаў фестывалю, колькі кінарынку, калі стане зразумела, якія фільмы хутка з’явяцца ў пракаце, а якія трэба будзе пільнаваць на “Лістападзе”.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: