Сферы беларускай эканомікі, якія найбольш пацярпелі ад сусветнай эпідэміялагічнай сітуацыі, падтрымаюць. Канкрэтныя меры вызначаны ўказам, які на мінулым тыдні падпісаў Прэзідэнт. Дакумент прадугледжвае падтрымку кампаній асобных галін эканомікі, найбольш пацярпелых ад каронавіруса. Бізнес можа разлічваць на крэдытныя і арэндныя “канікулы”. Грамадзянам кампенсуюць паніжэнне заробкаў і павялічаць выплаты па беспрацоўі. Вольга Сямашка падрабязней пра тое, як беларускі бізнес працуе у новай рэальнасці, і на што можа разлічваць з боку дзяржавы.
Падзенне попыту, скарачэнне даходаў насельніцтва, самаізаляцыя спажыўцоў і разрыў лагістычных ланцужкоў. Беларускі бізнес няпроста перажывае новую рэальнасць, якая прыйшла да нас разам з пандэміяй каронавіруса. Да сярэдзіны красавіка, паводле папярэдніх ацэнак бізнес-саюзаў, спад перавысіў 95% для сферы турызму; да 80% ўпала выручка ў рэстаранным бізнэсе і сектары забаў; на мяжы закрыцця 85% ІП у сегменце рознічнага нехарчовага гандлю; імпарцёры прадуктаў харчавання прагназуюць спад да 40%. Паводле рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя прыпынілі дзейнасць стаматалагічныя цэнтры, адменена канцэртная і выставачная дзейнасць, спыніліся міжнародныя пасажырскія перавозкі. Як расказаў дырэктар беларускага офіса Webcom Group Сяргей Царык, сёння беларускі бізнес спрабуе прыстасавацца да сітуцыі і сыходзіць у онлайн.
«Дзве катэгорыі беларускіх бізнэсаў, якія ўзмацнілі сваю актыўнасць у анлайне, таму што зразумелі што, уласна, ёсць праблемы з продажамі ў афлайне. Гэта ўсё што тычыцца рознічных магазінаў, якія проста страцілі трафік, але пры гэтым у іх была нейкая інтэрнэт-крама. Ёсць прыклады ўзмацнення лакальных бізнэсаў, калі вытворцы актыўна пачынаюць у онлайн выходзіць і хочуць замясціць імпартных гульцоў, але нават у іх ужо пачынаюцца праблемы з пастаўкамі сыравіны».
Найбольш значныя праблемы, з якімі сутыкаецца большасць кампаній: рэзкае скарачэнне попыту на ўнутраным рынку, а таксама памеры арэнднай платы і падаткаў, якія не змяняюцца. Як паказала дасследаванне BEROC, своеасаблівай падушкі бяспекі хопіць бізнесу на тры месяцы. І гэта ў тым выпадку, калі будзе прадстаўлена адтэрміноўка па крэдытах, адменена арэндная плата, адменены ці прасубсідзіраваны плацяжы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Па ацэнцы старшага навуковога супрацоўніка BEROC Дзмітрыя Крука, сёння многія бізнесы думаюць, што трэба закрыцца, і аднавіць работу пасля таго, як сітуацыя стане больш-менш зразумелай.
«Зараз гаворка ідзе не толькі аб адсейванні слабых бізнесаў, слабых бізнес-мадэляў. Нават тыя, у каго бізнес-мадэль была досыць устойлівай, і была істотная падушка бяспекі, а ў прынцыпе для сярэдняга і малога бізнэсу ўласцівая невялікая падушка бяспекі, але нават тыя, у каго яна была вялікая, у гэтай нявызначанасці, па сутнасці, стаяць перад выбарам, не разумеючы, як будзе развівацца сітуацыя. Ці варта задзейнічаць цяпер гэтую падушку бяспекі, спрабуючы захаваць свой бізнэс, альбо, як я ўсё часцей чую заявы, лепш зачыніць яго зараз і потым яе выкарыстоўваць, для таго каб пачаць усё з чыстага ліста».
Крокі, якіх бізнес чакаў ад урада, былі агучаны месяц таму. Падатковыя “канікулы”, адтэрміноўка ці зніжэнне арэнды, перагляд абавязкаў наймальнікаў. Пасля ўзгаднення з усімі ведамствамі адпаведны Указ быў падпісаны 24 красавіка. Дакумент прадугледжвае падтрымку кампаній асобных галін эканомікі, якія найбольш пацярпелі ад каронавіруса. Гэта апрацоўчая прамысловасць, вытворчасць тэктыльных вырабаў і адзення, аптовы і рознічны гандль, авіяперавозкі, фінтэс-цэнтры, салоны прыгажосці, цырульні, рэстараны, бары, турыстычныя кампаніі.
Мясцовыя ўлады маюць права даць кампаніям з пацярпелых сфер падатковыя “канікулы” з 1 красавіка па 30 верасня 2020 года. Выплата адтэрмінаваных, растэрмінаваных плацяжоў, падатковага крэдыту будзе ажыццяўляцца штомесяц роўнымі долямі з 1 кастрычніка па 31 снежня 2020 г. Працэнты за карыстанне адтэрміноўкай, растэрміноўкай, падатковым крэдытам налічвацца не будуць. Уводзяцца арэндныя “вакацыі”, мараторый на павелічэнне базавай арэнднай велічыні і арэнднай платы. Прамую і ўскосную падтрымку першы намеснік прэм'ер-міністра Дзмітрый Крутой ацаніў у 5-6 мільярдаў беларускіх рублёў. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю тэлеканалу Беларусь 1. Сродкі на падтрымку кампаній, дзяржаўных і прыватных, будуць выдзяляцца рэгіёнам.
«Увага ўсім надаецца пароўну. Зыходзячы са спецыфікі кожнага раёна будуць адкрываць пералік пацярпелых галін. Прэзідэнтам было прынята рашэнне павялічыць ліміт урадавых гарантый на 500 млн рублёў, і на 700 млн - гарантый мясцовых органаў улады, па 100 млн на кожны рэгіён. Ён разам з гэтым Указам узгадніў гэтае рашэнне. Мы будзем разглядаць кожнага буйнога пазычальніка на прадмет наяўнасці ў яго антыкрызіснай праграмы, таму што ніхто праз банкаўскі канал дадатковыя гарантыі на іх марнаваць не будзе, калі ў іх няма ўласнай адэкватнай антыкрызіснай праграмы. Таму мы ўсіх арыентуем: перш чым прыйсці ва ўрад або, па камунальных прыватных прадпрыемствах, у аблвыканкам або Мінскі гарвыканкам, варта добра папрацаваць над сваёй уласнай праграмай працы ў крызіс. А вось гэтую розніцу, якую неабходна будзе дадаць, мы будзем за кошт павялічанага ліміту па сутнасці дзяржаўнага доўгу ўжо кампенсаваць».
Акрамя таго, узмацняецца сацыяльная падтрымка грамадзян. Урад плануе павысіць выплаты па беспрацоўі і дапаможа прадпрыемствам шукаць сродкі на зарплату.
«Прэзідэнт асабліва арыентаваў, што задача нумар адзін - гэта захаванне працоўных месцаў, захаванне прадпрыемстваў. Калі кампаніі вымушана знаходзяцца ў прастоі, або работнікі працуюць у рэжыме няпоўнай занятасці па ініцыятыве наймальніка, яны атрымаюць даплату да ўзроўню мінімальнай заработнай платы. Гэта прыкладна 100-150 рублёў на кожнага работніка. Далей - падтрымка беспрацоўных грамадзян, якія ў другім квартале пазбавіліся працы. Яны сёння не вельмі хочуць рэгістравацца на біржы, таму што вельмі нізкая дапамога - усяго толькі 28 рублёў. Мы прапанавалі Прэзідэнту павялічыць гэту дапамогу да бюджэту пражытковага мінімуму, гэта дзесьці 250 рублёў. Калі на працягу трох месяцаў чалавек будзе знаходзіцца на ўліку як беспрацоўны, то будзе атрымліваць гэтую павышаную дапамогу і двойчы (па заканадаўству) - прапанову аб працаўладкаванні. Ініцыявана тэма спецыяльных ільготных зарплатных праектаў для таго, каб захаваць калектывы. Вядома, у звычайнай сітуацыі, зыходзячы з рынкавых канонаў, выдаваць крэдыты на зарплату - гэта дрэннае рашэнне, дрэнная мера. Але зараз вось у такой крызіснай сітуацыі для многіх прадпрыемстваў гэта стала вельмі добрым інструментам, каб іх падтрымаць, таму мы зараз з банкамі думаем, як гэта ўсё рэалізаваць».
Як расказаў старшыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Уладзмір Карагін, гэты дакумент рыхтаваўся ў цеснай рабоце з бізнес-супольнасцю. Акрамя таго, Міністэрства эканомікі працягвае збіраць прапановы па далейшым развіцці сітуацыі.
«Усе меры будуць прымяняцца ў другім квартале, а далей будзе вывучацца сітуацыя. Мы атрымліваем запыты міністэрстваў і ведамстваў аб сітуацыі ў розных галінах і рэгіёнах. У гэтую працу ўцягнутыя ўсе нашы галіновыя і рэгіянальныя бізнэс-асацыяцыі, якія працуюць у Мінску і ў рэгіёнах. Мы рэгулярна раімся, абменьваемся думкамі, афармляем нашы прапановы і пісьмова накіроўваем у органы ўлады».
Для падтрымкі эканомікі Беларусь звярнулася да міжнародных фінансавых інстытутаў. Гэта Сусветны банк, МВФ, Еўрапейскі Інвестбанк і Банк развіцця Кітая. Папярэдні памер дапамогі, якую мы папрасілі – 2-2,5 млрд. долараў.