Падзяліцца:
"Карціны злачынства". Кропкі над “і”. Блог Аляксандра Шустэра (аўдыё+відэа)
12 Снежня 2018
"Карціны злачынства". Кропкі над “і”. Блог Аляксандра Шустэра (аўдыё+відэа)

На “лістападаўскай” прэм’еры новага фільма Ларса фон Трыера – вось ужо дзе колькасць выпадковай публікі, здавалася б, звездзена да мінімуму, было некалькі сыходаў. Найбольш масавыя – падчас “сафары” на дзяцей у чырвоных кепках (прывітанне, Трамп?) і адразання грудзей ахвяры нумар 4. Няўжо ўсё гэта сапраўды шакіруе нават людзей, загартаваных эксперыментальным аўтарскім кіно? І наадварот – тыя, хто застаўся – яны, атрымліваецца, бессардэчныя вычварэнцы?.. Сказаць цяжка, але зараз, калі “Дом, што пабудаваў Джэк” ідзе ў больш-менш шырокім пракаце, на яго цяжка дастаць білеты – прынамсі, калі вы раптам вырашыце адправіцца ў кінатэатр сёння ўвечары. 


“Я – пасміхаючаяся помста Джэка”

Прасцей за ўсё трактаваць фільм як помсту Канскаму “істэблішменту”. Адносіны Трыера з Блакітны берагам ведалі часы як вялікага ўзаемнага кахання, так і поўнага разрыву. Яшчэ ў 1984-м на Блакітным беразе паказалі адну з першых работ ужо не enfant, але яшчэ не terrible - “Элемент злачынства”. Статус “зоркі” прыйшоў з прэм’ерай стужкі “Рассякаючы хвалі”; “вялікім правакатарам” дацкага рэжысёра зрабілі “Ідыёты”; геніем (няхай і злым) яго пачалі называць пасля “Тацуючай у цемры”; жывым класікам – пасля “Догвіля”.

jack3.jpg

Публіка ў Канах прывыкла, што кожны фільм Трыера – гэта новая форма, гульня з жанрамі і “штука мацней за “Фауст” Гётэ, і калі выйшаў “Мандэрлей”, другі ў так званай “амерыканскай трылогіі”, расчаравана выдыхнула. Рэакцыя “каханай” - не тое каб разгромныя, але нейкія абыякавыя водгукі - увагнала майстра ў такую дэпрэсію, што трылогія так і засталася дылогіяй. Ён паспрабаваў зняць камедыю, даверыў аператарскую ролю камп’ютару і звёў рахункі з гледачамі ў сваім эпізодзе альманаха “У кожнага сваё кіно”. Але “павысіць градус” так і не змог, і вымушаны быў зняць “Антыхрыста” з сапраўды шакіруючымі сцэнамі, ды яшчэ і прысвяціў яго Таркоўскаму, што ўжо расцанілі проста як здзек і ўпершыню неміласэрна асвісталі.

jack4.jpg

“Я - халодны пот на лбе Джэка”

Дэпрэсія аўтара стала яшчэ цямнейшай і, калі меркаваць па наступным фільме, вылілася ў жаданне пакончыць ужо не з нейкім дакучлівым суседам па кіназале, а з усім светам. “Меланхолія” атрымалася – і гэта ўпершыню можна сказаць пра стужку Трыера - невыносна прыгожай, але калі на прэс-канферэнцыі ён ляпнуў, што разумее Гітлера, пра магчымую ўзнагароду прыйшлося забыць. (Там жа праз коску прагучала і захапленне “прыдворным” архітэктарам фюрара Альбертам Шпеерам). Вось ролік з той прэс-канферэнцыі – прама зараз 666 666 праглядаў. 


Асабіста мне цікава нават не столькі слухаць галоўнага спікера, колькі назіраць за шакіраванай Кірстэн Данст і Стэланам Скарсгардам, на якога глядзіць Ларс у пошуках падтрымкі, а той з цікавасцю чакае, як жа рэжысёр выкруціцца. Выкруціцца не атрымалася; быў скандал, і фон Трыер стаў такім жа “чаканым” госцем у Канах, як князь Мышкін у доме Епанчыных у канцы “Ідыёта”.


“Я - вострае адчуванне адчужанасці Джэка”

У “Доме”, быццам на зло, ёсць і Гітлер (а заадно – Сталін і Мао) з параўнаннем іх злачынстваў з творамі мастацтва, і, зразумела, Шпеер, які, быццам той Джэк, будаваў свае халодныя шэдэўры з замарожаных трупаў. Ёсць, нарэшце, амбівалентны нямецкі акцёр Бруна Ганц, які граў фюрара ў “Бункеры” і… анёла Даміэля ў “Небе над Берлінам”.  

Выхад “Німфаманкі” суправаджалі прызнанні Трыера ва ўжыванні алкаголю і наркотыкаў – маўляў, без гэтых стымулятараў цяжка пісаць сцэнарый. Больш чым пяцігадзінную “Німфаманку” многія назвалі трэцяй часткай “трылогіі дэпрэсіі”, але цяпер, пасля выхаду “Джэка”, яна хутчэй складае дылогію з ім. Прычым як па форме споведзі, так і па змесце – глыбока асабістым і параўатабіяграфічным. Першая - самавыяўленне праз Эрас, другі – праз Танатас. Абедзве пабудаваны на дыялогах, што раскрываюць персанажаў глыбей, чым асноўны наратыў, падмацаваны візуальным радам. У “Доме” спачатку думаеш, што нябачны суразмоўца – гэта псіхатэрапеўт. І толькі пасля таго, як Вёрдж з’яўляецца нарэшце “ў цёмнай каморы”, разумееш – далей будзе сыход у пекла.

jack2.jpg

“Я - поўная абыякавасць Джэка”

У карціне ёсць намёк – магчыма, Джэк не стаў бы тым, кім стаў, каб не першая ахвяра. Да часу персанаж Мэта Дзілана не збіраўся шкодзіць гераіне Умы Турман - яна быццам сама “напісала” ўласнае забойства. Але ўжо з яе вуснаў гучыць “дыягназ”: jack is broken – джэк зламаўся, хаця маецца на ўвазе ў першую чаргу дамкрат.

jack5.jpg

Выбраныя “інцыдэнты” з біяграфіі Джэка ілюструюцца творчасцю самога Трыера (апраўданне, што на ўласныя фільмы не трэба было купляць правы – не больш чым (сама)падман). “Дом” падобны калі не на запавет, то на падвядзенне вынікаў, і сам рэжысёр сцвярджае, што сказаў усё, што мог і хацеў, і больш не будзе здымаць поўнаметражныя карціны, а засяродзіцца на кароткаметражных “Эцюдах”, дзе збярэ ўсе магчымыя сюжэтныя калізіі драматычных твораў, прапанаваныя Жоржам Пальці.

Спрабуючы пабудаваць дом, Джэк раз за разам руйнуе тое, што ўзведзена, і гэта не столькі адчай перфекцыяніста, колькі разуменне абмежаванасці мовы, якой можна апісаць мастацтва, і яго прыёмаў. Пад песню Дэвіда Боуі, што гучыць рэфрэнам, мы задумваемся: прыйшла б слава да Глена Гульда, Дэлакруа і Уільяма Блэйка, каб яны былі нашымі сучаснікамі? Ці пасля ўсіх жахаў 20-га стагоддзя чалавека калі што і можа абудзіць, то выстава Гюнтэра фон Хагенса і адрэзаная лапка качаня?..

Важны момант: той самы верш пра Джэка, да якога адсылае назва фільма (пра сініцу, пшаніцу і сабаку без хваста), гучыць у “Элеменце злачынства”, з якога, як я ўжо ўзгадваў, пачаўся “раман” Трыера з Канамі. І “Дом” нібыта “закальцоўвае” гэтыя адносіны. Так не бывае, каб усё кацілася да чорта і тут - бац! - шчаслівы канец. Для чалавека забойства - самая натуральная рэч у свеце. Таму атрымлівайце асалоду, пакуль усё не скончылася.
jack6.jpg

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: