Назва вёскі Кастыкі паходзіць ад мужчынскага імя Кастык ці Кастыка, якое ёсць народнаю формаю хрысціянскага імя Канстанцін. Існуе гіпотэза ўзнікнення назвы ад слова «косткі», бо паблізу вёскі знаходзяцца старажытныя курганы пахаванні ХІ-ХІІ стагоддзяў. А ў тлумачальным слоўніку Даля: «Кастык – прылада плесці лапці». Магчыма, даўней у вёсцы жылі майстры, якія выраблялі гэтыя прылады або плялі лапці.
Першая пісьмовая згадка населенага пункту з назваю Кастыкі сустракаецца ў гістарычных крыніцах за 1613 год. У 1756 годзе маёнтак належаў Міхалу Слізню, які пабудаваў тут новую драўляную царкву. Цяпер святыня ў спісе Дзяржаўны гісторычна-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Гэта найстарэйшы драўляны храм, што захаваўся да нашых дзён на Вілейшчыне і адзіны ў Беларусі, асвечаны ў памяць Святых Сарака Севасційскіх Пакутнікаў – ваяроў-хрысціян, што прынялі пакутніцкую смерць за веру ў Хрыста ў горадзе Севасціі (раней Малая Арменія, сучасная Турэччына) ў 320 годзе.