Кінафестываль “Паўночнае ззянне” праходзіць у Мінску і Віцебску. Традыцыйна гэта не толькі магчымасць убачыць на вялікім экране апошнія фільмы рэжысёраў са Скандынавіі і краін Балтыі, але і наведаць майстар-класы вядомых прадзюсараў і кіназнаўцаў. За ўсяго толькі тры гады існавання фэст стаў адной з галоўных падзей для беларускіх аматарў кіно – на асобныя лекцыі і паказы проста не дастаць білетаў.
У яго няма кінаадукацыі, але гэта не перашкаджае здымаць стужкі, што становяцца самымі касавымі ў нарвежскім пракаце. Не дзіва, што менавіта Ян Вардзёен сабраў першы аншлаг і на “Паўночным ззянні”. А яго фільм “Нарвежскі дамок”, дарма што высмейвае мясцовыя рэаліі, прывёў у захапленне мінскую публіку. І тая яшчэ з паўгадзіны не адпускала рэжысёра, пытаючы пра сэнсы, зразумелыя толькі нарвежцам. Вардзёен увогуле чалавек і параход. Сёння ў яго творчы вечар – у адным з бараў Ян пад гітару выканае ўласныя песні. На радзіме ён вядомы яшчэ як рэстаратар, які ажывіў некалі закінуты раён Осла і ператварыў яго ў моднае месца. І не дзіва, што менавіта з рэстараннай культуры Вардзёен пачаў сваё знаёмства з Мінскам.
Ян Вардзёен, рэжысёр (Нарвегія): "Учора ўвечары я пабываў у некалькіх барах і рэстаранах, і магу сказаць што мне вельмі спадабалася. І ежа, і атмасфера. Гэта як у Італіі, толькі лепей! Таму што людзі спакойныя і добразычлівыя. Толькі з надвор’ем вам не пашанцавала!"
Добрымі ўражаннямі дзеліцца і Антон Мані Свансан. Ісландскі прадзюсар прывёз у Беларусь адну з галоўных прэм’ер. Стужка “Каменнае сэрца” пераможна крочыць па фестывалях і толькі рыхтуецца да шырокага пракату. Гэта першы паўнаметражны фільм, які Антон спрадзюсіраваў, і такая ўвага для яго ў навінку – бачна, што пытанні яго і радуюць, і бянтэжаць. “Каменнае сэрца” – кранальная гісторыя сталення маленькіх жыхароў ісландскай рыбацкай вёскі - не пакінула абыякавымі мінскіх гледачоў.
Антон Мані Свансан, прадзюсар (Ісландыя): "Ведаеце, гэта вельмі складаны жанр, і я ўвогуле мала бачыў добрых фільмаў пра сталенне. Асабіста нас натхнялі стужкі Роба Райнера “Застанься са мною”, і “Пакажы мне каханне” Лукаса Модісана. Калі мы шукалі сродкі, то казалі, што наш фільм будзе падобны на гэтыя два ды яшчэ крыху на “Гарбатую гару”.
Шорт-ліст Оскара і намінацыя на “Залаты глобус”. Прадзюсар Карле Ахо ведае, як зрабіць сціплыя фільмы адной невялікай паўночнай краіны вядомымі ва ўсім свеце. На фествалі “Паўночнае ззянне” ён дзеліцца вопытам з беларускімі кінавытворцамі. А мы пацікавіліся ў Карле, якія фінскія стужкі апошніх гадоў варта паглядзець – усё ж да нашых вялікіх экранаў яны даходзяць надзвычай рэдка.
Карле Ахо, прадзюсар (Фінляндыя): "Перш за ўсё, гэта фільм, што паказвалі ў Кане летась – “Самы шчаслівы дзень у жыцці Олі Мяке”. Зараз ён ідзе ў кінатэатрах Брытаніі і Амерыкі. І паверце, я хвалю яго не таму, што рэжысёр - мой сябар. Проста гэта сапраўды высокае мастацтва і ўнікальны стыль, які вы больш не сустрэнеце нідзе. Узгадаю і фільм, што атрымаў сёлета прыз у Берліне – “Зваротны бок надзеі”. Вельмі добрая стужка, хоць на маю думку, і не лепшая ў Акі Каурысмякі. І карціна, што не мела камерцыйнага поспеху ў Фінляндыі, але асабіста я люблю яе больш за іншыя – “Яны збеглі” рэжысёра Й.-П. Валекаапя".
Ну а самы вялікі ажыятаж выклікала сустрэча з вядомым расійскім кінакрытыкам Антонам Доліным. На маіх вачах тры дзяўчыны ледзь не пабіліся з арганізатарамі, каб трапіць на яго выступленне. Штатны аглядальнік перадачы “Вячэрні Ургант” расказаў пра трох галоўных рэжысёраў сучаснага скандынаўскага кіно - Ларса фон Трыера, Роя Андэрсана і Акі Каурысмякі.
Антон Долін, кінакрытык (Расія): "Яны абсалютна розныя. Але кожны з іх, па-першае, у вялікай ступені прадстаўляе культуру сваёй краіны - адпаведна, Даніі, Швецыі і Фінляндыі. А па-другое, гэта людзі, якія мяняюць правілы гульні ў глабальным кіно. І таму спроба звесці іх у адну лекцыю - эксперыментальная. Спадзяюся, гэты эксперымент атрымаецца. Усіх я вельмі люблю, а пра дваіх (Трыера і Андэрсана) напісаў кнігі."
Сёння на фестывалі “Паўночнае ззянне” дацкі дзень. На экранах – драмы “У крыві” і “Гігант” - нагода адкрыць для сябе новыя імёны. Лепшыя скандынаўскія фільмы будуць паказваць у Мінску і Віцебску да аўторка.