Падзяліцца:
31 сакавіка 2016
Да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі Першы нацыянальны канал Беларускага радыё правядзе радыёмост з "Радыё Расіі". Яго тэма - роля культуры і гуманітарнага ўзаемадзеяння ва ўмацаванні братэрства, дружбы і супрацоўніцтва ў рамках Саюзнай дзяржавы.

У радыёстудыях сустрэнуцца лаўрэаты Прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва. Такая пачэсная ўзнагарода прысуджаецца раз у два гады Вышэйшым Дзяржсаветам Саюзнай дзяржавы. З 2002 года яе лаўрэатамі сталі 32 дзеячы літаратуры і мастацтва. У гэты раз прэмію атрымалі галоўны дырыжор Вялікага сімфанічнага аркестра імя П.Чайкоўскага Уладзімір Федасееў за праект «Песні ваенных гадоў» і два аўтарскія калектывы з Беларусі - за музычны альбом "Дзе каліна цвіла" і за стварэнне помніка Найсвяцейшаму Патрыярху Аляксію II.

Народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка, паэт Іван Юркін і скульптар Уладзімір Слабодчыкаў раскажуць пра тое, як ствараліся гэтыя творчыя працы, у чым іх галоўная ідэя і якая роля ва ўмацаванні духоўных і культурных сувязей двух народаў. Размова таксама пойдзе аб сумесных работах, творчых праектах, гастрольнай дзейнасці беларускіх і расійскіх калектываў. Удзельнікі радыёмоста падзеляцца асабістымі ўспамінамі і ўражаннямі аб сустрэчах з гледачамі ў Беларусі і Расіі.

Весці радыёмост будуць журналіст Беларускага радыё Алена Швайко і вядучая «Радыё Расіі» Наталля Бехціна.

Праграма прагучыць у эфіры 1 красавіка ў 12:05.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: