Падзяліцца:
28 лютага 2017
...60-я гады мінулага стагоддзя. У нашу вёску праводзілі радыё. Маленькі хлопчык, закінуўшы галаву, прыкрыўшы ручкай вочы ад яркага сонца, пільна ўзглядаецца ўверх, дзе на высокай драўлянай апоры працуе электраманцёр. У кіпцюрах-лазах, пояс з моцным металічным ланцугом. Гэта мяне заварыжыла! І я тут жа заявіў бабулі, што калі вырасту, буду “радыстам”! Але бабуля паставілася да гэтага скептычна. Добра памятаю першы радыёпрыёмнік у драўляным корпусе (пра такі яшчэ не ўзгадвалі). З нецярплівасцю чакаў я вечара, каб паслухаць казку-калыханку, якую лагодным голасам дзядулі расказваў Генадзь Аўсяннікаў. Цікава было слухаць мэтра Беларускага радыё Іллю Кургана. Асабліва, калі ён чытаў літаратурныя перадачы. Далейшы свой лёс я звязаў з сельскай гаспадаркай. Пасля заканчэння Смалянскага саўгаса-тэхнікума працаваў у роднай вёсцы. Брыгадзірам, аграномам па кормавытворчасці. Завочна скончыў Вялікалуцкі сельскагаспадарчы інстытут. Доўгі час працаваў на пасадзе старшыні Янкавіцкага сельсавета. І больш за 15 гадоў - не паверыце - электраманцёрам Расонскага вузла сувязі! Вось і спраўдзіліся дзіцячыя мары!.. Калі на змену правадному радыё прыйшла “Мэта 212” - кароткахвалевы прыёмнік, кіраўніцтва даручыла мне распаўсюджваць радыёпрыёмнікі сярод насельніцтва. Дзе на аўтобусе, дзе на асабістым транспарце развозіў радыё па вёсках раёна. Нават быў адзначаны ганаровай граматай, якую атрымаў ад кіраўніцтва Віцебскага філіяла Белтэлекама. Наша радыё заўсёды застанецца блізкім і дарагім! І, канешне ж, для слухачоў, якія шануюць мову і беларускае слова.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: