- Галоўная
- /
- Навіны
- /
- Конкурс "Беларускае радыё ў маім жыцці" - Клаўдзія Сцяпанаўна Марчанка (г. Заслаўе)
- Конкурс "Беларускае радыё ў маім жыцці" - Клаўдзія Сцяпанаўна Марчанка (г. Заслаўе)
Слухаючы розныя аповеды ў вашай перадачы, я ўспомніла, як радыё двойчы дапамагло вырашыць мой лёс!
1951 год. Мы з сяброўкай, скончыўшы сямігодку, паступілі ў Крычаўскае педагагічнае вучылішча. Папрасіліся да адной жанчыны пераначаваць, пакуль знойдзем кватэру... Яна знайшла для нас месцейка на сенавале... Не спіцца... Сумна неяк. Усё чужое. Нават заплакалі... І вырашылі, што раніцай паедзем дадому... Нам было па 14 гадоў. У маёй сям’і нас пяцёра, засталіся з мачыхай...
Прачнуліся мы раніцай. А тут... радыё гаворыць! Песні чуюцца цудоўныя! І дзень здаўся нейкім асабліва сонечным! Мы і падумалі - пакуль што не паедзем дадому, павучымся да суботы.
У вучылішчы мы сустрэлі такіх жа, як і мы. І нават знаёмых. Ранішняя зарадка на стадыёне, гукі акардэона, “Марш энтузіястаў”! І стала на сэрцы неяк добра і весела. Акрыленыя, хаця і паўгалодныя.
У 1955 годзе я скончыла вучылішча.
І вось - размеркаванне. Чую па радыё (!) аповед пра Круглянскі раён, пра тое, як добра там працуюць, як удала ідзе пасяўная і г.д. Я і кажу сваёй сяброўцы: “А давай паедзем у Круглянскі раён!” Тая ўсміхнулася і дадала: “Да маладых трактарыстаў!”
Так і зрабілі. Члены камісіі падчас размеркавання толькі пераглянуліся... Не маглі зразумець нашага выбару.
Канешне ж, нялёгка нам было. Класы размяшчаліся ў сялянскіх хатах. Але ж людзі былі добразычлівыя, працавітыя. Такімі ж былі і дзеці. Мы часта хадзілі з імі ў поле працаваць. Збіраць каласы. Бульбу. Аўтобусаў не было, хадзілі пешшу ў раён. Ці на кані калі можна было пад’ехаць...
Там, у той вёсцы нават радыё тады не было...
Цяпер слухаю. І вельмі ўдзячная за вашы перадачы!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: