Падзяліцца:
16 лютага 2017
Я ўжо 60 гадоў сябрую з радыё. Жыла калісьці ў вёсцы Леніна Слуцкага раёна. У пасляваенным 46-м ні электрычнасці, ні радыё ў нас не было. Урокі рыхтавала пры газнічцы. Радыё чула толькі тады, калі чакала на чыгуначнай станцыі цягнік ці аўтобус. Раніцай з радыёпрыёмніка гучалі песні. Адна з іх запомнілася на ўсё жыццё. Нават словы памятаю: “Ой шумят леса зелёные, Реки быстрые текут, Над дубами да над клёнами Облака летят, плывут. От воды несёт прохладою, Пахнут мёдом ветерки, В городах, за полисадами, Зажигают огоньки…» Больш нідзе не давялося чуць гэтую песню. Памятаю, як у 1954-55 гг. вёску абляцела навіна: нам правядуць электрычнасць і радыё. Любілі мы сваю чорную “талерку”. Упрыгожылі яе белымі карункамі: сястра звязала. 1956 год. Я - студэнтка. Мае аднакурснікі - гараджане, якія часам наведваліся да нас у інтэрнат, слухаючы радыё, каменціравалі музычныя творы, назвы, імёны кампазітараў, выканаўцаў. З цягам часу і я многае ўжо ведала і разумела. І адчувала сябе адукаванай, дзякуючы радыё! Калі мы з мужам прыехалі на працу ў Капаткевічы, у лясгас, і пасяліліся ў пакойчыку вартаўніка, першым і самым галоўным нашым жаданнем было набыць радыёпрыёмнік. Што мы і зрабілі. Так што радыё люблю з тых далёкіх часоў юнацтва.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: